На Гарадзеншчыне ў маразы ў вёсках адключаюць электрычнасць
Тры вёскі, што ў шасці кіламетрах ад Гародні, ужо некалькі тыдняў ліхаманіць ад частага адключэньня электрычнай энергіі. Прычым, энергетыкі тлумачаць адключэньне электрычнасці не аварыямі на лініі, а планавымі работамі.
Людзі вёскі Дабравольшчына, напрыклад, пры адключанай электраэнергіі маюць пагрозу ў такія маразы пашкодзіць здароўе, бо ацяпленьне ў частцы дамоў ідзе з дапамогаю электрычных прыладаў. Кажа жыхарка Дабравольшчыны.
– Пачалося на мінулым тыдні, з панядзелка па пятніцу адключалі прыкладна з 9 гадзін да 18. І на гэтым тыдні было адключэнне з панядзелка па сераду. І ізноў прыйшло паведамленне, што будзе адключана з 14-га па 16-га лютага.
У вёсцы такія планавыя работы адбіваюцца на працы жыхароў. Кажа Уладзімір, мясцовы жыхар.
– Тэлефанаваў у нашы РЭУСы, размаўляў з інжэнерам. Начальнік нават не падымае трубку, не хоча размаўляць з людзьмі. Інжынер гаворыць, што генератар часткова падключаюць. Не было б гэтага марозу, людзі б так не пакутавалі. Сапраўды, лінія ідзе праз лес, і пры кожным парыве ветру дрэвы падаюць і застаёмся без электраэнергіі. А іхны рамонт, невядома, што яны там робяць.
Аварыйныя службы не даюць тлумачэнне, чаму ў лютым праводзяцца планавыя электраработы ў вёсках Караліно ды Дабравольшчына. Згодна з паведамленьнямі аварыйшчыкаў, ідзе рэканструкцыя лініі 10 кілавольт, а работнікі ня могуць працаваць пры ўключанай напружанасці.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота аўтара