На Гарадзеншчыне зарэгістравана незвычайная птушка
Падчас веснавога назірання за птушкамі ўпершыню ў рэгіёне выявілі крычку-чэграву, якая заляцела сюды ў выніку веснавой міграцыі. Выпадак зарэгістравалі на вадаёме каля хутара Карозічы, што ў Гарадзенскім раёне.
Пра гэты выпадак і пра адметнасць самой птушкі распавядае Зміцер Вінчэўскі, рэдактар сайта “Птушкі Штодня”:
– Гняздуе на ўзбярэжжах многіх мораў, а менавіта: Балтыйскага, Чорнага, Каспійскага. Крычкі падобныя да чаек, адрозніваюцца больш вострымі крыламі, трошкі іншай будовай хваста, ну і ў адрозненні ад чаек больш прамая, моцная дзюба. Самая вялікая крычка – еўрапейская, назва сама за сябе кажа, яны ў гнездавы час вельмі гучна крычаць.
Выпадак зафіксавала на сваю камеру Ірына Самусенка з Менску, якая прыехала паназіраць за птушкамі да сваіх калегаў-арнітолагаў. Мясцовыя арнітолагі вельмі ганарацца, што на Гарадзеншчыне можна заўважыць і такую незвычайную для нашага рэгіёна – птушку.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
