На Глыбоччыне пахавалі эміграцыйнага дзеяча Віктара Сянкевіча



Праз чатыры месяцы пасля смерці прах Віктара Сянкевіча, былога журналіста “Радыё Свабода” і эміграцыйнага дзеяча, пахавалі на Глыбоччыне. На могілкі ў вёску Гірстуны Глыбоцкага раёна прыехалі толькі самыя родныя памерлага ды журналісты.

Яго прах і прах сваёй маці Ірыны прывёз сын Сянкевіча Міхаіл з Сан-Францыска. З Амерыкі прыехалі таксама яго жонка і сын. Спачатку адбылася паніхіда ў царке, увечары адбудзецца служба ў касцёле Святой Тройцы ў Глыбокім.

Паводле Міхаіла Сянкевіча, бацька памёр 26 верасня, маці 11 год таму, але яны захоўвалі прах, каб пахаваць іх разам на радзіме бацькі па яго запавету. Самому Віктару Сянкевічу пасля эміграцыі так і не давялося наведаць радзіму:

– Заўсёды хацеў, але не прыязджаў. Пасля таго, як памёрла маці, я з ім размаўляў некалькі разоў, ён казаў, што хацеў бы, каб яго пахавалі ў Беларусі. Мая бабуля там пахаваная, у наступным годзе я пастаўлю помнік на ўсіх трох.

Віктар Сянкевіч (сапраўднае прозвішча Сенькавец) нарадзіўся 19 студзеня 1926 г. у вёсцы Гірстуны Глыбоцкага раёна. Ваяваў у арміі генерала Андэрса, быў адным са стваральнікаў Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі. На эміграцыі з лета 1944 года.

Працаваў у беларускіх секцыях Іспанскага нацыянальнага радыё і “Радыё Свабода”. На “Радыё Свабода” меў псеўданім Язэп Барэйка і вёў перадачу “Беларускі гістарычны каляндар”.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара