На Глыбоччыне зладзілі свята “Сям’я – калыска жыцця”



“Сям’я – калыска жыцця” – свята, якое зладзіла для сваіх вернікаў парафія Святой Тройцы ў Глыбокім. У касцёле былі праведзены чатыры святыя Імшы з аднаўленнем сакраманту сужэнства, а ў гарадскім Доме культуры адбыўся канцэрт.

Па словах арганізатара мерапрыемства, ксяндза Вячаслава Пялінка, хоць на абразах мы і бачым Езуса з Маці Божай, але задума Бога была нарадзіцца ў сям’і. Таму вельмі важна, каб менавіта сям’я была ў цэнтры ўвагі свята Божага нараджэння.

– Гэта была сям’я, якая прыняла яго як умела, што азначае, не з вялікімі матэрыяльнымі багаццямі, але са шчырым сэрцам, любоўю. І мы хацелі б каб гэты дзень быў святочным, радасным, каб таксама паказаць усім, што хрысціянства – гэта не занудства, што гэта таксама ёсць жарт, што гэта таксама нейкія іншыя формы. Адным словам – проста радасць.

На свяце гаварылася пра значэнне сям’і ў жыцці людзей, ладзіліся сцэнкі з Бібліі пра нараджэнне Езуса ў сучаснай інтэрпрэтацыі. Напрыканцы ўсе дзеткі атрымалі салодкія падарункі, а дарослыя частаваліся цукеркамі.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара