На год абмежавання волі асуджаная Вольга Насыр за абразу Лукашэнкі
Суд Першамайскага раёна Менска 23 красавіка вынес прысуд 30-гадовай Вользе Насыр, якую абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса (публічная абраза прэзідэнта).
Справу разгледзеў суддзя Максім Трусевіч. Дзяржабвінаваўца — пракурор Ганна Лапянок, паведамляе пазбаўлены дзяржрэгістрацыі праваабарончы цэнтр „Вясна”.
Насыр прыгаварылі да года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Паводле матэрыялаў справы, жанчына ў адным з тэлеграм-каналаў размясціла ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі паведамленні з выкарыстаннем ненарматыўнай лексікі.
Пасля вывучэння матэрыялаў справы ў пракуратуры Першамайскага раёна прыйшлі да высновы аб абгрунтаванасці абвінавачання, дастатковасці сабраных доказаў, поўным і аб’ектыўным даследаванні абставін злачынства, пагадзіліся з яго кваліфікацыяй паводле ч. 1 арт. 368 КК.
Насыр віну прызнала цалкам, раскаялася ва ўчыненым, сказала, што трэба было стрымаць эмоцыі. Да суда абвінавачаная знаходзілася пад падпіскай аб нявыездзе. Раней за ўдзел у масавым мерапрыемстве 23 студзеня яна была затрыманая на трое сутак.
Вольга Насыр не ў шлюбе, выхоўвае дзевяцігадовае дзіця. Да крымінальнай адказнасці не прыцягвалася.
Фота: naviny.by
