На „Гродна Азот” майстру выстаўленае абвінавачанне



Упраўленне Следчага камітэта па Гарадзенскай вобласці завяршыла расследаванне крымінальнай справы, распачатай па факце пажару ў цэху выпарвання едкага натру ААТ „Гродна Азот”, у выніку якога загінулі і атрымалі цялесныя пашкоджанні рабочыя, паведаміў афіцыйны прадстаўнік УСК па Гарадзенскай вобласці Сяргей Шаршаневіч.

Паводле яго слоў, сабраныя следчымі доказы далі падставы для выстаўлення абвінавачання на падставе ч. 3 арт. 304 Крымінальнага кодэкса (парушэнне правілаў пажарнай бяспекі, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека) майстру па рамонце тэхналагічнага абсталявання ААТ „Гродна Азот”, 1985 года нараджэння. Ён быў непасрэдным кіраўніком рамонтных работ і адказным за выкананне правілаў пажарнай бяспекі пры правядзенні агнявых работ.

Следствам устаноўлена, што 6 чэрвеня 2016 года прыблізна ў 12.30 падчас правядзення агнявых работ, якія суправаджаліся рэзкай металу з выкарыстаннем газавага разака, іскры і часцінкі гарачага металу даляцелі да гідраксіламіну сернакіслага крышталічнага, які захоўваўся ва ўпакаваным выглядзе на паддонах. Гэта прывяло да ўзнікнення пажару, падчас якога двое рабочых, 1981 і 1988 гадоў нараджэння, загінулі на месцы здарэння ад вострага атручэння едкім газападобных рэчывам — дыаксідам серы. Яшчэ тром рабочым, 1960, 1962 і 1969 гадоў нараджэння, былі нанесены лёгкія цялесныя пашкоджанні, якія прывялі да кароткачасовага расстройства здароўя.

Агнём было знішчана амаль 62 тоны гідраксіламіну сернакіслага крышталічнага больш як на 74 тыс. рублёў, а таксама пашкоджаная іншая маёмасць прадпрыемства больш як на 19 тыс. рублёў, што ў сукупнасці з’яўляецца ўронам у асабліва буйным памеры.

Крымінальная справа накіраваная пракурорам у суд.

belapan.by