На каронавірус у Беларусі маглі перахварэць амаль 22% гарадскога насельніцтва



Згодна з дадзенымі незалежнага даследавання, 21,7% гарадскога насельніцтва Беларусі маглі перахварэць на COVID-19, паведаміла 21 красавіка спецыяліст кампаніі SATIO Марыя Салавей падчас анлайн-прэзентацыі вынікаў апытання, праведзенага кампаніяй, пра стаўленне беларусаў да вакцынацыі ад каронавірусу.

Апытанне SATIO правяла ў канцы сакавіка 2021 года метадам анлайн-анкетавання. У ім удзельнічала больш за 1.000 гарадскіх жыхароў ад 18 да 64 гадоў.

Сцвярджальна на пытанне аб перанесенай і дыягнаставанай у медыцынскай установе каронавіруснай інфекцыі адказалі 21,7% рэспандэнтаў, паведаміла Салавей. Калі транспанаваць атрыманы працэнт перахварэлых на каронавірусную інфекцыяю на ўсё гарадское насельніцтва, то атрымліваецца больш за мільён чалавек.

Салавей адзначыла, што гарадское насельніцтва Беларусі перавышае 5,8 млн чалавек, адпаведна, рэальная колькасць перахварэлых на каронавірус — ад 1 млн 92 тыс. да 1 млн 381 тыс. чалавек з улікам межаў давернага інтэрвалу.

„Метадалогія апытання можа даваць пэўны зрух, але нават з яго ўлікам колькасць зарэгістраваных перахварэлых у чатыры разы перавышае афіцыйныя звесткі”, — гаворыцца ў высновах даследавання.

Пры гэтым спецыяліст падкрэсліла негатыўную тэндэнцыю. „Каронавірус перастае займаць думкі беларусаў. Паводле нашых вынікаў, беларусы ўсё часцей перастаюць сачыць за навінамі аб каронавірусе: у параўнанні з маем 2020-га колькасць тых, хто сочыць за сітуацыяй, скарацілася на 25%. Цяпер гэта робяць толькі дзве траціны беларусаў, з іх большая частка надае навінам да 15 хвілін на дзень”, — растлумачыла Салавей.

Гэта першае анлайн-апытанне, якое кампанія SATIO правяла на тэму вакцынацыі, і пятае даследаванне аб успрыманні беларусаў сітуацыі з COVID-19.

Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, на 20 красавіка агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у Беларусі перавысіла 347 тысяч.

БелаПАН