На Лепельшчыне працаваў археалагічны дзіцячы летнік



Археалагічны летнік для дзяцей і моладзі скончыў сваю працу каля вёскі Верабкі на Лепельшчыне. Раскопкі праводзіліся пад кіраўніцтвам вядомага археолага Максіма Чарняўскага. Закладзены быў невялікі раскоп і знойдзены фрагменты глінянага посуду, крамянёвыя прылады працы і побыту ды косткі.

Як кажа галоўны арганізтар летніка, настаўнік і краязнаўцы Валер Тухта, сёлета ў летніку пабывала каля ста юнакоў і дзяўчат з Лепельшчыны ды іншых куткоў Беларусі. Адзначыліся й замежнікі.

 – Гэта ўжо трэцяя наша археалагічная экспедыцыя, якая спалучае ў сабе не толькі практычныя навыкі заняткамі археалогіі, але таксама выхаваўчы працэс. Акрамя таго што мы ўдзельнічаем у раскопках пад кіраўніцтвам Максіма Чарняўскага, мы яшчэ стараемся нашых дзетак культурна развіваць у духу нацыянальных традыцый, беларускасці, паказаць, што ў нашых продкаў была багатая духоўная культура, таму ладзім розныя культурныя мерапрыемствы.

Падчас летніку з прэзентацыямі кніг выступілі гісторык і літаратар Уладзімір Арлоў, пісьменнік Яўген Зубовіч. Вучыла дзяцей спяваць і граць на музычных інструментах этнаспявачка Наста Хмель. А рыцары менскага клуба паглыбілі падлеткаў у часы Сярэднявечча. Таксама дзеці з летніка прымалі ўдзел у святкаванні Купалля ў Верабках.

Таццяна Смоткіна

Фота Таццяны Смоткінай і Максіма Чарняўскага.