На Лепельшчыне завяршыўся міжнародны мастацкі пленэр



На Лепельшчыне скончыў працу міжнародны мастацкі пленэр. У ім прымала ўдзел каля двух дзясяткаў мастакоў з Беларусі і Расеі. За час знаходжання ў Лепельскім раёне мастакі напісалі больш за пяцьдзясят карцін.

Па словах аднаго з арганізатараў пленэру, мастачкі, сябра саюза мастакоў Беларусі Кацярыны Мясніковай, на Лепельшчыне мастакі звярнулі ўвагу на вялікую колькасць розных мастоў і адметнасць вясковых дамоў. Большасць з іх размаляваныя ў розныя колеры, таму працы атрымаліся яркімі і пазітыўнымі.

Некалькі гадоў таму быў апошні дзясяты пленэр «У пошуках Атлантыды», пасля чаго быў трохгадовы перарыў. І мастакі, якія прыязджалі на атлантыдаўскі пленэр, увесь час неяк так прасілі, каб пачаць зноў нашыя пленэры менавіта з тымі ж людзьмі і з тым жа настроем, каб аднавіць тое кола, якое выязджала кожны год па Віцебшчыне, вандравала, малявала краявіды. І вось мы дамовіліся з Васілём Шкіндзерам і прыехалі да яго на сядзібу на тыдзень памаляваць.

Першая выстава карцін з мастацкага пленэру адбылася падчас фэсту “Жнівень” на аграсядзібе “Поўсвіж”, дзе жылі мастакі. У планах мастакоў зладзіць выставу ў Віцебску і Лепелі. Пасля гэтага некаторыя карціны можна будзе набыць усім жадаючым.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі