На Лідчыне аднаўляецца народны мемарыял паўстанцам 1863 года



Сябры палітычных партый і грамадскіх арганізацыі Лідчыны займаюцца аднаўленнем народнага мемарыяла паўстанцам 1863 года ва ўрочышчы Крыжы. Яны займаюцца аднаўленнем памятных крыжоў, усталяваных тут 22 гады таму. Па словах Вітольда Ашурка, мясцовыя ўлады павінны прызнаць гэты мемарыял і легалізаваць яго для правядзення памятных мерапрыемстваў.

Тут пэўны мемарыял, дзе пахаваны людзі. І ён патрабуе павагі. Мы спадзяемся, што ўлады ўсё ж не пойдуць на недарэчную канфрантацыю. Тут ужо справа нават не палітычная, а справа звычайнай павагі да людзей.

Актывісты, якія займаюцца аднаўленнем мемарыяла “Крыжы”, спадзяюцца, што з часам гэтае месца стане памятным не толькі ў маштабах Лідчыны, але і Гарадзеншчыны, і будзе мець агульнанацыянальны статус.

Як зазначыў Валер Мінец, для гэтага трэба ў першую чаргу пачаць супрацу з уладамі, а таксама папулярызаваць памятнае месца сярод моладзі ў рамках патрыятычнага выхавання.

У першую чаргу гэта праца з уладамі. Тут без дамовы з уладамі дакладна нічога не атрымаецца. Другое – гэта праца з моладдзю, каб рабіць нейкія экскурсы. Каб мы маглі распавесці, што тут адбывалася, што для нас памяць пра загінулых паўстанцаў. І дзякуючы чаму і чыім учынкам сёння існуе наша суверэнная і незалежная Рэспубліка Беларусь.

Памятнае месца ва ўрочышчы Крыжы, на месцы бою невядомых паўстанцаў у 1863 годзе, паміж вёскамі Малое Ольжава і Мохавічы, узнікла яшчэ ў міжваенны час. Тут быў каменны помнік, які ў свой час знішчылі камуністычныя ўлады. Папярэдні драўляны крыж з тых часоў прастаяў тут да сярэдзіны 90-х гадоў, пасля чаго быў заменены на сучасныя, якія і адрэстаўравалі актывісты.

Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя, Ліда

Фота: Сяргей Пантус, Андрусь Панямонаў