На Лідчыне адзначылі Дзень беларускай вайсковай славы



У сядзібе «Гасьціна», што на Лідчыне прайшоў фэст беларускай патрыятычнай песні, прымеркаваны да Дня беларускай вайсковай славы. У вёску Пескі, дзе месціцца сядзіба, з’ехаліся некалькі дзясяткаў гасцей з многіх рэгіёнаў краіны, каб разам адзначыць дзень перамогі беларускага войска над маскоўскім ў бітве на Крапівеньскім полі, якая адбылася ў 1514 годзе.

Кажа адзін з арганізатараў фэсту Сяргей Трафімчык:

— З’ехаліся выканаўцы можна сказаць, што з усёй Беларусі. Такія знакамітыя імёны, такія вядомыя выканаўцы як Андрэй Мельнікаў, Зміцер Бартосік, Алесь Дзянісаў. І мясцовыя паўдзельнічалі, і этнічны украінскі гурт прыехаў. Я лічу, што свята ўдалося.

Акрамя вышэйзгаданых выканаўцаў, свае вершы і песні прэзентавалі так сама Міхась Скобла, Таццяна Матафонава, Зміцер Захарэвіч, а так сама мясцовыя творцы – Алег Лазоўскі, Станіслаў Суднік, Сяргей Чарняк і Алесь Мацкевіч.

Завершыўся фэст святочным салютам у гонар пераможцаў у бітве 1514 года на рацэ Крапіўная.

Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Андрусь Панямонаў і Віталь Сямашка