На матч БАТЭ-„Барселона” – у майках з „Пагоняй”



Прадпрымальнік з Барысава Віктар Гарбачоў прапанаваў правесці акцыю ў падтрымку аштрафаваных за шалікі з „Пагоняй” футбольных фанатаў і кадэтаў, якім за фота ў цішотках з „Пагоняй” пагражалі адлічэнне.

„20 кастрычніка! Гэты дзень рэальна можа быць перамогай „Пагоні”! Як? На „Барысаў-Арэне” адбудзецца матч БАТЭ – Барселона, – піша прадпрымальнік. – На матчы будзе 14 тысяч гледачоў! Самы час з інтэрнэтаўскай падтрымкі футбольных фанатаў (затрыманых за „Пагоню”) і кадэтаў (за „Пагоню” таксама) перайсці да рэальнай падтрымкі на гэтым матчы. Пару тысяч у цішотках з „Пагоняй” (хай і пад курткамі) у адзін момант раскрыюцца! І паспрабуй аштрафуй тысячы і ўжыві да іх меры. Вось была б падтрымка ўсіх, каго пераследуюць. А самае галоўнае – увесь свет пабачыць сапраўдны сімвал краіны!”

Пра час, у які прыхільнікі акцыі пакажуць цішоткі з „Пагоняй”, ён прапануе дамовіцца ў дзень гульні.

Раней міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч нагадваў, што за адзенне з выявай „Пагоні” міліцыя не мае права затрымліваць людзей – у адміністрацыйным кодэксе няма такога парушэння.