На месцы запланаванай устаноўкі памятнага знака ў Курапатах ідуць археалагічныя раскопкі



Супрацоўнікі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі 16 кастрычніка праводзяць археалагічныя раскопкі на месцы планаванай устаноўкі памятнага знака ва ўрочышчы Курапаты.

 

Як паведаміў БелаПАН намеснік старшыні руху „За свабоду” Юрась Меляшкевіч, сёння, верагодна, будзе раскапана прыкладна да паўметра зямлі. Заўтра раскопкі працягнуцца да ўзроўню двух метраў. Паводле яго слоў, гэтага дастаткова, каб зразумець, ці ёсць у гэтым месцы пахаванні. Сёння ўжо было знойдзена некалькі куль розных гадоў. Калі будуць знойдзеныя астанкі людзей, прыйдзецца выклікаць Следчы камітэт і пачынаць крымінальную справу. Калі нічога знойдзена не будзе, то найбліжэйшым часам на гэтым месцы ўсталююць афіцыйна зацверджаны памятны знак.

За раскопкамі назірае некалькі актывістаў апазіцыі.

Падрыхтоўчыя працы для ўстаноўкі памятнага знака, праект якога перамог у конкурсе Міністэрства культуры, пачаліся 15 кастрычніка. У прыватнасці, рабочыя пачалі капаць траншэю для адводу вады. Абаронцы Курапатаў перашкодзілі працы тэхнікі, баючыся, што яе выкарыстанне без кантролю грамадскасці можа пашкодзіць месца пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій.

Эскізны праект знака ўяўляе сабой канструкцыю на чатырох нагах ржавага адцення, якія звужваюцца ўнізе. Уверсе яны злучаныя папярочнымі перакладзінамі, якія ўтвараюць крыжы. Памятны знак плануецца ўстанавіць на так званай Галгофе — цэнтральным ўзгорку ў Курапатах.  БелаПАН  

 

[manual_related_posts]