На могілках ў Глыбокім рамантуюць надмагіллі польскіх жаўнераў



Рамонтныя працы на могілках «Копцеўка», што ў Глыбокім, на сродкі польскага ўрада вядзе польская будаўнічая кампанія «Будмекс». Там пахаваныя польскія жаўнеры, якія загінулі падчас савецка-польскай вайны ў 1920 годзе. Рамантаваць могілкі дапамагаюць і глыбоцкія будаўнікі.

Па словах глыбоцкага каардынатара рамонтных прац Станіслава Германовіча, на дадзены момант робіцца надмагільная апалубка. Старыя надмагільныя пліты і крыжы заменяць на новыя.

Польскія калегі займаюцца будаўніцтвам, але яны больш арганізацыйнымі пытаннямі займаюцца: па праекціроўцы, глядзяць якасць, а мы ўжо выконваем больш чорную працу. Там па праекце будуць новыя крыжы, новыя мармуровыя бардзюры. Каб адпавядала добрай рэканструкцыі. Там вельмі патрабавальна ставяцца да ўсіх момантаў. Нашы будоўлі больш лаяльныя, а там мае усё быць да міліметра, пад лінейку і ўсё прыгожа.

На крыжах магіл польскіх жаўнераў у Глыбокім згаданыя 17, 33, 161 і 167 пяхотныя палкі. На магілах шмат надпісаў NIEZNANY (Невядомы).

Працы па рэканструкцыі помнікаў на «Копцеўцы» плануецца скончыць цягам двух месяцаў. Падобныя працы на польскіх пахаваннях адбудуцца па ўсёй Беларусі.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя