На мяжы ў Бераставіцы пабудуюць дадатковы мост
У пункце пропуску «Бераставіца» у межах новай праграмай трансгранічнага супрацоўніцтва, разлічанай да 2020 года, плануюць пабудаваць дадатковы мост праз раку Свіслач. Пра гэта распавёў кіраўнік Прадстаўніцтва сумеснага тэхнічнага сакратарыята праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва «Польшча-Беларусь-Украіна» у Беларусі Максім Алданаў ў рамках выставы-кірмаша «Еўрарэгіён« Нёман – 2016 ».
Паводле яго, у Беларусі адабралі тры асноўныя прапановы, агульная сума фінансавання якіх складае каля 12 мільёнаў еўра, з якіх на мост у Свіслачы – каля чатырох мільёнаў.
Апроч таго, магчыма, неўзабаве з’явяцца новыя памежныя пераходы на беларуска-польскай мяжы.
Пра патрэбу адкрыцця дадатковых пераходаў заявіла польска-беларуская камісія па справах рэгіянальнага супрацоўніцтва на паседжанні ў Белавежы 23 верасня.
Маршалак Падляшскага ваяводства Ежы Ляшчынскі неаднаразова падкрэсліў патрэбу адкрыцця новых памежных пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі, а таксама палпшэння стану дарог, што спалучаюць памежжа абедзвюх краін: у Гарадзенскай і Берасцейскай вобласці Беларусі ды Падляшскім і Люблінскім ваяводстве Польшчы.
Акрамя паляпшэння інфрастуктуры памежных пераходаў у Славатычах, Баброўніках і Кузніцы, а таксама чыгуначнага пераходу ва Уладаве, было названае таксама месца для двух новых пераходаў: у Ліпшчанах-Сафіева (Аўгустоўскі павет) і Катэрка-Высокае (Семятыцкі павет Польшчы).
Беларускае Радыё Рацыя, паводле: s13.ru, dziendobry.bialystok.pl
