Уладзімір Някляеў шпіталізаваны (абноўлена)



Уладзімір Някляеў, якога затрымалі ноччу падчас вяртання з Польшчы ў Беларусь, цяпер знаходзіцца ў Берасці. Палітык і паэт з-за высокага ціску перанёс гіпертанічны крыз.

Пра гэта паведаміла ягоная жонка Вольга Някляева. Яна сказала, што Уладзімір Някляеў сам пазваніў ёй:

– Можам парадавацца, што знайшлі Уладзіміра Пракопавіча, невядома было цэлы дзень дзе ён знаходзіцца. Таму што ў Берасці нас адфутбольвалі, казалі, што павезлі яго ў Менск. Аказалася, што ён у Берасці прасядзеў ноч і дзень. Галоўнае, што пратаколаў ніякіх  не складалі. Яго завезлі ў шпіталь, бо ў яго падняўся ціск. Аддалі рэчы. Відаць дадому ўжо сам неяк дабярэцца.

23 сакавіка Менскі суд завочна засудзіў Уладзіміра Някляева і Мікалая Статкевіча да адміністрацыйнага арышту. Жонка Статкевіча паведаміла, што не мае ад яго інфармацыі з раніцы чацвярга. Цяпер яна накіроўваецца ў следчы ізалятар КДБ, каб даведацца, ці не занаходзіцца яе муж там.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя

* * * 

Уладзіміра Някляева, затрыманага мінулай ноччу ў Берасці, вязуць у Менск.

Палітыка знялі з цягніка ў Берасці, калі ён вяртаўся з Варшавы ў Менск. Адбылося гэта ў 3.30 ночы на памежным пераходзе. Пасля гэтага тэлефон Някляева стаў недасяжным.

Пра затрыманне Някляева паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку дырэктар агенцтва БелаПАН Алесь Ліпай.

Кандыдат ў прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года і былы палітвязень Уладзімір Някляеў у складзе дэлегацыі беларускай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці сустракаўся ў Варшаве з польскімі палітыкамі, а 23-га сакавіка ўдзельнічаў у дыскусіі ў Сейме Польшчы.

У Варшаве паэт заявіў, што польскія сябры прапанавалі яму не вяртацца ў Беларусь, аднак ён катэгарычна адмовіўся:

– Я не збіраўся нікуды з’язджаць, мне тут ужо шмат хто казаў, у тым ліку ў Сейме і ў МЗС: “Навошта вам гэта трэба, вы ж не вар’ят, каб ехаць па ўласнай волі за краты. Мы б на вашым месцы не паехалі”.  Яны на сваім месцы, а я на сваім.

Пасля затрымання Някляева завезлі ў ізалятар часовага ўтрымання (ІЧУ) РАУС Берасця, паведаміла БелаПАН яго жонка. Ніякай іншай інфармацыі ў Вольгі Някляевай няма.

Някляеў разам з Міколам Статкевічам уваходзіць у Беларускі Нацыянальны Кангрэс, які ўзяў на сябе адказнасць за правядзенне ў Дзень Волі 25 сакавіка акцыі пратэсту ў Менску.

Беларускае Радыё Рацыя