На мяжы зоны адчужання



„На сваім „корані” мы болей жывем, чым тыя, хто паз’язджаў. Хто выехаў, таго нікога няма. Ніводнага чалавека”, – у гэтым перакананыя людзі, што засталіся жыць на мяжы зоны адчужання.

úáź«¸şá´

Бабця Вольга Савянок, якой 95 год

Тэрыторыя побач з зонай адчужання на першы погляд нічым не адрозніваецца ад іншых раёнаў. Тут ёсць лес, пяюць птушкі і нават жывуць людзі, якія гадуюць курэй, а ўвесну садзяць гароды. Аднак адрозненне ўсё-такі ёсць. 30 год таму ў некалькіх дзясятках кіламетрах адсюль узарвалася Чарнобыльская атамная электрастанцыя. 30-кіламетровая зона, якая атрымала назву зона адчужання, падверглася найбольшаму забруджанню радыёнуклідамі. Наведванне зоны забароненае. Вёскі на мяжы з ёй былі адселеныя. Але некаторыя жыхары катэгарычна адмовіліся пакідаць родныя мясціны.

Вёска Дуброўнае знаходзіцца на самяй мяжы зоны адчужання. Далей – Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік, уваход куды забаронены. За незаконнае пранікненне – штраф ад 10 да 50 базавых велічыняў: то бок прыкладна ад 100 да 500 даляраў. Знак перад уваходам у зону папярэджвае, што можна сустрэць зубра. І сапраўды, у 1996 годзе з Белавежскай пушчы ў Палескі радыяцыйны запаведнік было завезена 16 асобін зуброў. І ўжо ў 2012 годзе іх папуляцыя склала 80 жывёлаў.

1

Дарога ў зону адчужання

У вёсцы Дуброўнае да аварыі на ЧАЭС жыло больш за 500 жыхароў. Цяпер там засталося чалавек пяць старых людзей. Большасць людзей з вёскі перасялілі, паколькі Дуброўнае адносіцца да населеных пунктаў з правам на адсяленне.

2

Цяперашнія жыхары вёскі да новых месцаў не прызвычаіліся і вярнуліся ў родныя мясціны. Бабця Вольга, да якой мы завіталі на падворак, узгадвае, што ў новай хаце было вельмі халодна.

– Нас перасялілі за Парычы (Светлагосркі раён – заўв.аўт.). Я перазімавала і ледзь „дуба не ўрэзала”. Дык назад прыехала. Мая хата лепшая. Гэтую хату я прапалю і спакойна ноч адпачываю. А там так пабудавана было, дык як марозы вялікія былі, усю ноч трэба качагарыць: і дроваў шмат трэба, і брыкетаў, і вугаль прывозілі. І ўсю ноч кладзі і кладзі. А калі згасне, то куды яно ўсё дзяецца? Халодна. А якія марозы былі падступныя. О, як памучыліся. – Распавяла бабця Вольга.

4

Бабця Вольга размяняла восьмы дзясятак

Бабця Вольга, хоць і мае праблемы з касцямі, аднак кажа, што радыяцыя ёй не перашкаджае:

– У нас тут адна вясковая баба, якая памерла ўжо, казала наконт радыяцыі так: „Каб яна тут ляжала, дык я б пабачыла. А так я яе не бачу”. Я саджу моркву, бульбу, памідоры, агуркі, дыні. Нават кавуны саджу.

5

У бабці Вольгі акрамя гароду таксама куры. Ваду жанчына бярэ з калодзежу, які знаходзіцца прама на яе падворку.

6

7

Іншая жыхарка вёскі Дуброўнае –таксама Вольга – мае яшчэ большую гаспадарку: у яе і куры, і індакачкі, і свінні, і каты.

– Во, выйшла вартаваць, бо коршак скраў пяцёх кур. – Рапавяла нам гаспадыня, якой споўнілася 95 год. – Маем гарод. Пасеялі гэты год пшаніцу, ячмень, бульбу. Але гніе бульба. А гаспадар мой — у хаце. Ён на два гады за мяне старэйшы.

8

9

10

Вольга Савянок перакананая, што тыя, хто з’ехаў з родных мясцін з-за радыяцыі, ужо памерлі.

– Дуброўскія і вязкоўскія мужчыны (вёска Вязок знаходзіцца побач з Дуброўнае. Яе жыхары былі пераселеныя ў 1992 годзе. З 2004 года ў Вязку жыхароў зусім няма – заўв. аўт.) усе памерлі. Адна баба Соня, якая старэйшая за мяне, яшчэ жыве ў Мінску. А тое ўсе памерлі.

Баба Вольга радыяцыі таксама не баіцца. Жанчына страшыцца толькі, каб не стварыць праблемаў дзецям.

– Паміраць трэба, а вось усё жыву. Каб памерці на нагах. Ёсць бог на свеце, ці няма, але, каб ён даў, каб лёг, заснуў ды і не ўстаў. Вось добра было б. Лёг ды і не ўстаў.

11

12

У некалькіх кіламетрах ад вёскі Дуброўнае – вёска Красная гара, ад якой амаль нічога не засталося. А да Чарнобыльскай трагедыі тут жыло больш за 300 жыхароў.

13

14

88-гадовы Іван Шылец пасля таго, як ягоная жонка трапіла ў больніцу, стаў апошнім жыхаром вёскі Красная Гара Брагінскага раёна. Мужчыну разам з ягонай сям’ёй пасля Чарнобыльскай аварыі таксама перасялілі ў больш чыстыя рэгіёны. Але Іван Шылец вярнуўся. Мужчына са слязьмі ўзгадвае, як жыў ў далечыні ад роднай хаты.

– Калі б я жыў там, то мяне б даўно жо не было. Я б толькі і думаў пра свой дом. Нас як перасялілі, дык я працаваў на машыне – ездзіў у Хойнікі па брыкет. Дык машыну пакідаў на асфальце, а сам прыходзіў на ганак свайго дома пехатой праз балоты, каб даведацца, як тут справы. Сядзеў тут і плакаў. А потым забраў сям’ю і вярнуўся.

15

На падворку ў Івана Шыльца – парадак: акуратна складзеныя дровы, рэчы раскладзеныя па сваіх месцах. Калісьці ў мужчыны была вялікая гаспадарка: былі каровы і свінні. Але і цяпер 88-гадовы вясковец не баіцца працы. Ён разводзіць пчол, трыммае курэй, мае двух сабак.

16

17

18

Іван Шылец, як і жыхары вёскі Дуброўнае, не баіцца радыяцыі. Кажа, што толькі ногі баляць. І з сумам заўважае:

– Як мяне не будзе, дык і Красная Гара знікне. Вечнага няма нічога. Усім дарога адна – туды, толькі ў розны час. Усе тамака будуць. Не адкупяцца, не адхрысцяцца, не адмоляцца, а ўсе туды пойдуць, толькі не ў адзін час.

19

Жыццё жыхароў вёсак, якія знаходзяцца на мяжы з зонай адчужання, на першы погляд мала чым адрозніваюцца ад жыцця іншых старых: некалькі разоў на тыдзень сюды прыязджае аўталаўка, якая прывозіць неабходныя прадукты. Пры неабходнасці можна выклікаць хуткую дапамогу. Пошта прывозіць газеты і лісты. Увесну жыхары садзяць гарод. На падворках у іх куры, сабакі і каты. З адной толькі розніцай: яны не могуць хадзіць у лес, збіраць грыбы і ягады. Адразу за гародам у іх пачынаецца зона, дзе жыве небяспечны і нябачны вораг — радыяцыя.

20

21

Больш за 200 тысячаў гектараў, каля сотні пакінутых населеных пунктаў, больш за 20 тысячаў перасяленцаў – гэта факты пра беларускую зону адчужання. Тэрыторыі, з якіх эвакуявалі грамадзян пасля выбуху 4-га рэактара АЭС, з’яўляюцца рэжымнымі і дагэтуль практычна бязлюднымі.

Юлія Сівец, Мікола Бянько

[manual_related_posts]