На падставе рашэння Мінінфарма заблакаваны сайт навін afn.by



Інтэрнэт-рэсурс навін afn.by заблакаваны згодна з рашэннем Міністэрства інфармацыі.

„Доступ да інфармацыйнага рэсурсу абмежаваны на падставе рашэння Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, прынятага ў адпаведнасці з законам Рэспублікі Беларусь аб сродках масавай інфармацыі”, — гаворыцца ў паведамленні, якое адкрываецца пры спробе ўвайсці на галоўную старонку afn.by.

Пра прычыны блакавання невядома.

Сёння ж, 8 жніўня, Мінінфарм запатрабаваў ад сайта nn.by выдаліць матэрыял пра сітуацыю на выбарчым участку № 6 у Бараўлянах (Менскі раён), дзе незалежны назіральнік зрабіў фота ўкінутага ў скрыню для галасавання пачка бюлетэняў. Мінінфарм даў дзве гадзіны на тое, каб матэрыял прыбралі з сайта.

Напярэдадні, 7 жніўня, Мінінфарм вынес пісьмовае папярэджанне парталу tut.by за матэрыял ад 5 жніўня. У ім паведамлялася аб парушэннях, зафіксаваных назіральнікамі, якія не трапілі ў лік тых, каму дазволена знаходзіцца на выбарчых участках. У тэксце быў таксама каментар Цэнтрвыбаркама. Назіральнік Аляксандр Якубоўскі, акрэдытаваны на 19-м участку ў пасёлку Смілавічы Чэрвеньскага раёна Менскай вобласці, расказаў пра свае падлікі (прыйшоў 21 выбаршчык супраць пазначаных у пратаколе 164), заўважыўшы, што на ўчастку ён знаходзіўся з моманту апячатвання скрыні і да канца дня. Міністэрства лічыць інфармацыю аб часе знаходжання назіральніка на ўчастку не адпаведнай рэчаіснасці.

belapan.by