На пахаваннях людзей будаваць нельга



«На пахаваннях людзей будаваць нельга!», — жыхары дамоў па вуліцы Мірашнічэнкі ў Менску, што каля ўрочышча Курапаты, катэгарычна супраць будаўніцтва новага офіснага цэнтра побач з мемарыялам ахвярам сталінскага тэрору.

Па словах адной з жыхарак дома,  бліжэйшага да месца новага будаўніцтва, якую завуць Святлана,  яна і амаль усе яе суседзі раней звярталіся ў розныя інстанцыі з заявамі і дакументамі супраць будаўніцтва. Але дарэмна:

— Усе дакументы чыноўнікі бралі, мы дайшлі да Адміністрацыі прэзідэнта адносна гэтага дома бо тут мемарыяльная зона Курапаты. Усе паперы ў нас прымалі, ніхто нічога не ведаў і рабіў выгляд, што  яны нічога не ведаюць пра гэтую пляцоўку і ніякага адказу нам ні з пракуратуры, ні з кампаніі прэзідэнта, ні ад нашага дэпутата, ні ад нашага — ніхто нічога нам не казаў.

Жыхары дамоў па вуліцы Мірашнічэнка таксама звярнулі ўвагу, што іх дамы знаходзяцца ў Савецкім раёне Менска. Аднак, рашэнне пра будаўніцтва чамусьці прымаў выканкам Першамайскага раёна. У ім жа адбылося абмеркаванне праекта, але без удзелу жыхароў тых дамоў, якія знаходзяцца непасрэдна паблізу ад новабуду.

Жыхары:

— Запрасілі некалькі цётак, якія згадзіліся, што тут можна будаваць, а з Савецкага раёна нікога не запрашалі з тых, хто тут жыве. Дазвол на забудову дадзены ці то з 1-га ці з 10-га лютага. Праект даўно, але яго не зацвярджалі. Ну як можна? У нас зялёная зона. У нас нават кальцавая з парушэннямі пракладзена. Мо сват быў галошным санітарным лекарам вобласці і ён казаў, што вам павінны бясплатна паставіць вокны, шклопакеты і шасціметровы плот, а нам бачыце якую сценку паставілі? Добра яшчэ ў каго шклопакеты, а так невыносны проста шум. А як можна яшчэ і носам да сцяны паставіць тут будынак? Я разумею,  што ён можа і адміністрацыйны ці нейкі там гатэль, але як можна было спілаваць усё, што мы саджалі?.

У два дні ўсё павыкарчоўвалі, зруйнавалі. І як можна вось так паступаць з людзьмі?

У ліпені ўжо будзе 39 гадоў як мы засяліліся сюды.

—  Мы ж сабралі каля тысячы подпісаў супраць гэтага і калі прынеслі іх у Адміністрацыю прэзідэнты там чыноўнік быў надта незадаволены, што мы ўсё гэта прынеслі. Чаго вы вось прыйшлі? Ну і праз два тыдні дамо вам даказ, але ўжо тры тыдні, а адказу — няма.

РР: Вось тут людзі незадаволеныя.

Рабочы: Пра што вы кажаце? Ёсць праца, мы працуем, няма — не працуем.

РР: А што гэта за аб′ект?

— Удакладніце ў прараба. Там, на супрацьлеглым баку вісіць шыльда. Падыдзіце.

Законнасць новабудоўлі каля Курапатў выклікае вялікія сумневы, — лічыць адказны сакратар управы Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ і сябра хрысціянскай злучнасці Курапатаў Алесь Чахольскі.

Па яго словах, жыхары дамоў №49, 51, 53 па вуліцы Мірашнічэнкі, якія знаходзяцца побач з тэрыторыяй, дзе плануецца будоўля, даўно збіралі подпісы супраць гэтага. Замоўнік будаўніцтва — таварыства з абмежаванай адказнасцю „КІПрэканструкцыя”, — нагадаў Алесь Чахольскі. Аднак замест адказу 16 лютага пачаліся актыўныя будаўнічы працы. Раніцай 17-га спілаваныя  дзясяткі дрэваў.

— Што яшчэ пачало высветляцца: па-першае, яны запланавалі пабудаваць 5-павярховы офісны цэнтр з паркоўкамі, і ён ужо фактычна ўлазіць у ахоўную курапацкую зону. Дарэчы Міністэрства культуры на стадыі праектавання не ўзгадняла гэтага праекта, а павінны, бо побач Курапаты. Гэта ўжо першае парушэнне. Па-другое, трэба разбірацца з незалежнымі архітэктарамі, бо я думаю, што там парушаны ўсе санітарныя нормы. Там жа побач і кальцавая, і калі там 5 гадоў таму хацелі зрабіць паркоўку для жыхароў дома, а ініцыятываў гэта адзін з жыхароў, дык і мне дазволілі гэтага зрабіць, бо па нейкай норме не хапала 60 метраў. Выходзіць паркоўку зрабіць нельга, а офісны 5-павярховы будынак з паркоўкай — можна. Таму тут праглядаецца чарговая карупцыйная схема, бо стаіць палова Менска пустых офісаў і гандлёвых цэнтраў, і недабудаваных. І менавіта раптам стаў патрэбны гэты лапік пад 5-павярховы офіс. У мяне толькі адно рытарычнае пытанне: колкі чыноўнікі Менгарвыканкама і райвыканкамаў атрымалі хабару?

Па словах Алеся Чахольскага барацьба супраць гэтага вельмі сумнеўнага будаўніцтва будзе  нарастаць: «Людзі і пратэставалі і будуць пратэставаць Зараз гэта пяройдзе ў юрыдычную плоскасць».

 Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным аўдыёфайле:

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара