На пасаду рэктара ЕГУ пададзена 29 заявак



На пасаду рэктара Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ, Вільня) пададзена 29 заявак, паведаміў БелаПАН кіраўнік па камунікацыях і маркетынгу ЕГУ Максімас Мілта. Паводле яго слоў, прыём заявак завяршыўся 17 студзеня.

Мілта адмовіўся паведаміць, ці ёсць сярод прэтэндэнтаў грамадзяне Беларусі, „кіруючыся патрабаваннямі па выкананні канфідэнцыйнасці ў дачыненні да пададзенай кандыдатамі інфармацыі”.

Ён адзначыў, што адбор кандыдатаў на пасаду рэктара будзе праводзіцца ўпаўнаважаным камітэтам, членамі якога з’яўляюцца старшыня агульнага сходу сузаснавальнікаў ЕГУ і прэзідэнт фонду „Еўразія” Хортан Бібі-Сентэр, прэзідэнт ЕГУ Анатоль Міхайлаў, выканаўца абавязкаў рэктара ЕГУ Ёрген Ёргенсен, член сената ЕГУ і прэзідэнт студэнцкага прадстаўніцтва ЕГУ Ганна Філістовіч і інш.

Міжнародны конкурс на замяшчэнне пасады рэктара праводзіць ад імя ЕГУ кансалтынгавае агенцтва Mercuri Urval пад эгідай Шведскага агенцтва па міжнародным супрацоўніцтве ў галіне развіцця.

Як паведамлялася раней, ключавымі кваліфікацыйнымі патрабаваннямі да кандыдата з’яўляецца наяўнасць доктарскай ступені (PhD), не менш як 15-гадовы досьвед выкладання і навукова-даследчай дзейнасці на ўніверсітэцкім узроўні, вопыт у галіне міжнароднага супрацоўніцтва ўніверсітэтаў, а таксама не менш як пяцігадовы досьвед на старшай кіруючай пасады ў сферы вышэйшай адукацыі. Будучы рэктар павінен мець досьвед працы са структурамі Еўрапейскага Звяза, свабодна валодаць англійскай мовай. Валоданне рускай і/або беларускай мовай ўлічваецца ў якасці станоўчага фактару.

Былы рэктар ЕГУ Дэвід Полік, які не валодаў ні рускай, ні беларускай мовай, займаў гэтую пасаду з красавіка 2015 года да канца чэрвеня 2016 года.

Выканаўцам абавязкаў рэктара ЕГУ ў кастрычніку 2016 года быў прызначаны датчанін Ёрген Ёргенсен.

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт заснаваны ў Менску ў 1992 годзе, у 2004-м закрыты беларускімі ўладамі з-за ідэалагічных прычын. Праз год ВНУ аднавіла працу ў Вільні. З’яўляецца літоўскай ВНУ, але мае нефармальны статус беларускага ўніверсітэта ў выгнанні. Фінансуецца кааліцыяй міжнародных донараў.

Фота students.ehu.lt