На патрабаванні 2 000 слонімцаў прыйшоў адказ з райвыканкама



14 жніўня слонімцы напісалі патрабаванні на імя старшыні Слонімскага райвыканкама Г.Б.Хоміча і начальніка Слонімскага РАУС А.К.Трухана.

Слонімцы патрабавалі: спыніць гвалт у адносінах мірных грамадзян з боку сілавых дзяржаўных структур у РБ, вызваліць усіх затрыманых на мірных пратэстах грамадзян і палітычных зняволеных, правесці паўторны падлік галасоў выбарцаў, якія ўдзельнічалі ў выбарах на пост прэзідэнта РБ, у адкрытым рэжыме і пад кантролем незалежных наглядальнікаў. Патрабаванні падпісалі 2000 жыхароў Слонімшчыны.

На днях слонімцы атрымалі адказ са Слонімскага райвыканкама за подпісам старшыні Генадзя Хоміча. Адказ – чыстая адпіска, у якой паведамляецца, што «у аддзел унутраных спраў райвыканкама зваротаў грамадзян Слоніма і Слонімскага раёна аб прычынах шкоды здароўю не паступала. На 24 жніўня затрыманых за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах грамадзян у аддзеле ўнутраных спраў няма… «. А выбары на Слонімшчыне адбыліся згодна з Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь. Сапраўды, атрымалася ўсё шыта-крыта…і па закону. А пра фальсіфікацыю выбараў ані слова…

Беларускае Радыё Рацыя