На пошце ў Жодзіне прызналі наяўнасць моўнай праблемы
На запіс, які пакінуў праваабаронца Аляксей Лапіцкі ў кнізе заўвагаў і прапановаў па факце няведання супрацоўніцамі Жодзінскага Галоўпаштампта беларускай мовы, быў атрыманы адказ на беларускай мове ад начальніка Менскага філіяла РУП “Белпошта” ў Жодзіне Ігара Дука.
У адказе паведамляецца, што з работнікамі Жодзінскага Галоўпаштампта праведзена навучанне, якое дазволіць у далейшым аказваць паслугі паштовай сувязі на беларускай і (альбо) расейскай мовах.
У двух папярэдніх тэлефонных размовах, ініцыяваных кіраўніцтвам Жодзінскага Галоўпаштамта, сп. Дука сам размаўляў па-беларуску і спрабаваў разабрацца ў сітуацыі, удакладняў атрыманую ад сваіх супрацоўніцаў інфармацыю і патрабаванні заяўніка. У выніку адміністрацыя Менскага філіяла РУП «Белпошта» цалкам прызнала праблему і зрабіла пэўныя намаганні па выпраўленні сітуацыі.
[Not a valid template]
Алесь Лета, Беларускае Радыё Рацыя
Фота Аляксея Лапіцкага
