На поўначы Беларусі тэмпература ўпала ніжэй за – 34



Ноч на 8 студзеня стала самай халоднай у цяперашнім зімовым сезоне. На поўначы краіны тэмпература ўпала ніжэй за 34-градусную адзнаку.

SAMSUNG DIGIMAX A55W

У Езярышчы (Віцебская вобласць) мінімальная тэмпература склала 34,4 градуса марозу — новы рэкорд ночы для гэтага населенага пункта. Ранейшы, зафіксаваны 8 студзеня 1987 года, быў роўны 32,3 градуса. На другім месцы ў спісе самых халодных месцаў аказаўся Бярэзінскі запаведнік (33,2 градуса ніжэй за нуль; архіўных параўнальных дадзеных няма).

У Полацку і Верхнядзвінску (таксама Віцебская вобласць), дзе паветра астыла адпаведна да 31,5 і 30,2 градуса, пабітыя тэмпературныя рэкорды 49-гадовай даўніны (30,5 і 29,7 градуса 8 студзеня 1968 года).

Ва ўсіх абласных цэнтрах і сталіцы рэкорды выстаялі. Халадней за ўсё было ў Віцебску (30,1 градуса марозу), Магілёве (26,6) і Менску (24,9), цяплей за ўсё — у Гародні (16,7), Гомелі (19,3) і Брэсце (20,8).

У ноч на 9 студзеня моцныя маразы (да 29 градусаў) яшчэ захаваюцца на паўночным усходзе.

karta_minimum_08012016-hip8h

belapan.by