У Глыбокім прадпрымальнікі пачалі выходзіць на пустыя рынкі
Менскія прадпрымальнікі збіраюцца на мітынг, каб выказаць сваю адмоўную пазіцыю да ўказа прэзідэнта №222. А на пустуючыя рынкі ў Глыбокім пачалі выходзіць прадпрымальнікі. У асноўным тыя, якія маюць сертыфікаты і гандлююць беларускім таварам .
«Вось толькі пакупнікоў няшмат, — кажуць глыбоцкія прадпрымальнікі, – людзі ўжо прызвычаіліся да таго, што рынкі пустыя, таму і добрай выручкі няма».
— Выйшлі. Ва ўсіх ёсць дакументы, але народу няма, бо ў людзей грошай няма.
— У самым пачатку студзеня мы стаялі тут удвох. У іх таксама ўсё па дакументах: рондалі і ўсё такое, а з 15 студзеня выйшаў яшчэ хто-ніхто, вось і стаім. Паловы рынка няма, бо людзі не ходзяць.
— Я два гады працую па дакументах і з сертыфікатамі. Гандлюю толькі беларускім.
РР: Дык вас указ №222 не закранае?
— Закранае, чаму ж не, бо правяраючыя органы могуць знайсці што заўгодна.
— Што мы можам вывезці з нашай Беларусі цяпер, у час крызіса, калі прадпрыемствы не працуюць. Мы ў Менску становімся ў чаргу за два тыдні, каб тавар узяць, бо нічога няма.
Як прызналіся ў размове не на дыктафон прадпрымальнікі, некаторыя іх калегі зараз ездзяць у бліжэйшыя да Беларусі расейскія гарады і прадаюць там свае тавары. Гэта крыху здзіўляе, бо шмат хто з беларускіх прадпрымальнікаў закупляе тавар у Маскве. Але, як кажуць яны, гэта пакуль выгадна і трэба ж неяк жыць. Толькі вось баяцца, што могуць на мяжы з Расеяй увесці кантроль. Тады будзе, сапраўды, цяжка.
Так выглядаў Глыбоцкі рынак “Верас” некалькі дзён таму.
А так ён выглядае цяпер.
Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае
