На Радаўніцу на дзяржмяжы будуць працаваць пункты спрошчанага пропуску



На Радаўніцу на дзяржаўнай мяжы для жыхароў прыгранічных раёнаў будуць працаваць пункты спрошчанага пропуску, паведаміў 13 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Менску начальнік упраўлення пагранічнага кантролю Дзяржпагранкамітэта Алег Ляшук. Паводле яго слоў, на сайце пагранкамітэта апублікаваны рэжым працы гэтых пунктаў.

Ён адзначыў, што перасякаць пункты можна пешшу, на роварах або на асабістым аўтамабільным транспарце, за выключэннем пунктаў пропуску на беларуска-ўкраінскай мяжы. Там трэба мець дакументы з адзнакай аб прапісцы ў прыгранічных раёнах, для непаўналетніх — пасведчанне аб нараджэнні і натарыяльна заверанае хадайніцтва іх законных прадстаўнікоў, даведку аб страце дакументаў пасля атрымання пацвярджэння асобы.

На літоўскім напрамку: сапраўдны праязны дакумент пры наяўнасці візы, для грамадзян Беларусі — пацвярджэнне пражывання ў памежнай зоне, Літвы — даведкі жыхара памежнай зоны.

На латвійскім напрамку можна прайсці па прад’яўленні сапраўдных праязных дакументаў з дазволам на мясцовае прыгранічнае перамяшчэнне.

Па ўсіх пытаннях можна звяртацца на гарачую лінію Дзяржпагранкамітэта.

Як паведаміў начальнік адміністрацыі зон адчужэння і адсялення МНС Васіль Шаблоўскі, у васьмі раёнах Гомельскай вобласці і чатырох раёнах Магілёўскай вобласці на тэрыторыях зон адчужэння і адсялення размешчана 295 месцаў пахаванняў. „На гэтых тэрыторыях усталяваны кантрольна-прапускны рэжым, аднак 15—17 красавіка з 8.00 да 17.00 туды можна будзе трапіць без пропуску”, — адзначыў Шаблоўскі.

Начальнік адміністрацыі зон звярнуў увагу, што тэрыторыя Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка адначасова адносіцца і да памежнай зоны. „У гэтым выпадку для грамадзян Беларусі неабходна мець дакумент, які сведчыць асобу. Замежным грамадзянам акрамя пасведчання асобы варта мець пры сабе пропуск у памежную зону, які неабходна атрымаць ва ўстаноўленым парадку ў органах і падраздзяленнях пагранічнага камітэта”, — растлумачыў Шаблоўскі. БелаПАН