На радзіме героя, якога ведаюць ва ўсім свеце



Грамадскасць Беларусі, госці з Польшчы, прадстаўнік амерыканскай амбасады ў Беларусі, консулы Польшчы, Украіны, Расеі адзначылі чарговыя ўгодкі з дня народзінаў славутага сына Беларусі Тадэвуша Касцюшкі. Сёлета свята пачалося з раніцы аўтапрабегам. Яго арганізаваў Алесь Мех з Кобрына са сваімі паплечнікамі. „У аўтапрабегу ўдзельнічалі як дарослыя, так і дзеці,” – кажа Алесь Мех.

– Мы прыехалі спачатку ў вёску Сяхновічы, дзе таксама была радзіма Касцюшкі. У Сяхновічах зараз створаны музей. З Сяхновіч мы паехалі у Крупчыцы, дзе адбылася вялікая бітва паўстанцаў і рэгулярных войскаў Суворава.

Скончыўся аўтапрабег у Мерачоўшчыне, дзе праводзілася асноўная імпрэза. Удзельнікі свята ўсклалі кветкі ля каменя з барэльефам героя. Далей мерапрыемства праходзіла ў музеі Касцюшкі. „Было змястоўна і цікава,” – кажа Рыма Койлер, першы сакратар амерыканскай амбасады.

– Першы раз удзельнічаю. Я шчаслівая, што мне ўдалося пабываць у гэтым месцы, у гэтым доме, дзе нарадзіўся герой столькіх краін – Амерыкі, Беларусі, Польшчы, Літвы, які вядомы ва ўсім свеце.

Прыемна адзначыць шматлюднасць імпрэзы ў гэтым годзе. Святочнаму настрою людзей спрыяла і сонечнае зімовае надвор’е.

Цалкам матэрыял у гукавым фармаце:

 

Беларускае Радыё Рацыя