На радзіме прапагандыста “буржуазнай навукі”



16 кастрычніка 1947 года за выступ супраць “лысенкаўшчыны” і прапаганду “буржуазнай навукі” генетыкі з пасады прэзідэнта Акадэміі Навук БССР быў звольнены акадэмік Антон Жэбрак (1902-1965).

Антон Жэбрак найперш абвінавачваўся ў неправамернасці і недапушчальнасці крытыкі ім Лысенкі як вучонага-біёлага на старонках амерыканскага часопіса “Навука” у 1945 годзе. Гэтае яго дзеянне было кваліфікавана ўсімі членамі тагачаснага бюро ЦК КП(б)Б як “антыпатрыятычны ўчынак, праяўленне нізкапаклонства перад рэакцыйнымі амерыканскімі вучонымі”. У пастанове бюро было запісана: “У сувязі з гэтым, а таксама ўлічваючы, што Жэбрак А.Р. страціў аўтарытэт сярод навуковай і савецкай грамадскасці, ЦК КП (б)Б пастанаўляе вызваліць т. Жэбрака ад работы прэзідэнтам Акадэміі Навук БССР”. І толькі ў 1960 годзе ў выступленні на 24 з’ездзе  КПБ Мазурава ўпершыню пасля 1940-х гадоў імя Антона Жэбрака прагучала як імя знакамітага беларускага вучонага-селекцыянера, аўтара новых гатункаў збожжавых раслін. Антона Жэбрака радавала яшчэ і тое, што яго погляды на ролю генетычных даследаванняў у спадчыннасці атрымалі перамогу, а яго апанент пацярпеў поўны крах. Але сілы вучонага ўжо былі падкошаны. І 20 траўня 1965 года Антона Жэбрака не стала.

Родам доктар біялагічных навук, прафесар, акадэмік Антон Жэбрак быў з вёскі Збляны Зэльвенскага раёна. Вёска гэта знаходзіцца недалёка ад Зэльвы. Некалі яна з’яўлялася ўласнасцю Сапегаў. Гадоў пятнаццаць таму ў вёсцы пражывалі каля 50 чалавек, а цяпер – напалову менш. Калі з боку Зэльвы ўязджаеш у Збляны, пры дарозе стаіць памятны знак, прысвечаны самаму знакамітаму жыхару Зблянаў Антону Жэбраку.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльвенскі раён

Фота аўтара