На семярых удзельнікаў «Рэвалюцыйнага дзеяння» выйшлі супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС



З такіх словаў пачынаецца інфармацыя ў адным з відэапаведамленняў на афіцыйным YouTube-канале Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Датычыць яна аператыўнай работы ў межах крымінальнай справы распачатай па факце стварэння злачыннай арганізацыі і ўдзелу ў ёй. Усе затрыманыя — жыхары Берасцейшчыны ва ўзросце ад 16 да 35 гадоў.

Акрамя каментара, на відэа таксама ёсць эпізод затрымання, дэманстрацыі грашовых купюр і заўважны малады чалавек, падобны на берасцейца Андрэя Марача. Ён адказвае на пытанні па-за кадравага голасу. Відэапаведамленне пракаментаваў праваабаронца Уладзімір Вялічкін:

– Тут не зразумела пра якую злачынную групоўку вядзецца мова. З гэтага відэа бачу, што апошнія капейкі, якія маладыя людзі назбіралі за ўсё сваё жыццё, паказваюць, як нейкія даходы ад кагосьці праплочаныя нібыта. І лозунгі: “Не – заводу АКБ”, “Чыноўнік  – галоўныя туніядзец” і нешта падобнае. То бок, гэта людзі проста выказвалі сваю думку, свае перакананні і за гэта зараз церпяць. І нашыя ўлады не знайшлі нічога лепшага, каб засадзіць іх за краты менавіта за выказванне сваіх думак і перакананняў.

Паводле МУС усе маладыя людзі знаходзяцца ў ізалятары.

Беларускае Радыё Рацыя