На сустрэчу “Кава-гарбата-АГП” запрашаюць усіх зацікаўленых



У Берасці запрашаюць прыняць удзел у чарговай сустрэчы “Кава-гарбата-АГП”. Тэмаю для дыскусіі стане праца мясцовых дэпутатаў і дэпутатаў рэспубліканскага ўзроўню. Прыхільнікам дэмакратычных пераменаў у краіне, неабыякавым грамадзянам, а таксама сябрам партыі і актывістам прапаноўваецца падыскутаваць над тым, хто такія дэпутаты, што ўваходзіць у іх абавязкі і якія яны маюць правы.

Выконваючая абавязкі старшыні Берасцейскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Дыяна Касцюковіч патлумачыла, у чым актуальнасць такога мерапрыемства:

– Дэпутаты – гэта першая ўлада, на мой погляд, гэта тыя людзі, якія пішуць нам законы, па якіх жыве грамадства, па якіх грамадству ісці далей. Яны павінны задаваць і напрамак, і тэмп. Яны павінны быць з народам, у гушчы яго, ведаць праблемы і нейкія шляхі вырашэння гэтых праблемаў.

Сустрэча пройдзе сёння па адрасе вуліца 17 верасня, д.22-24. Пачнецца мерапрыемства а 18-й гадзіне. Да ўдзелу запрашаюцца ўсе зацікаўленыя.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце