На цэнтральнай плошчы сталіцы будзе елка-“вышыванка”



У Менску елку на Кастрычніцкай плошчы ўпрыгожваюць нацыянальным арнаментам.

Калі ў снежні мінулага году напярэдадні чэмпіянату свету па хакеі на гэтую ж елку вешалі цацачных хакеістаў, то зараз яе ўпрыгожваюць нацыянальным арнаментам і выявамі з беларускай архітэктурнай спадчыны. Можна ўбачыць і Мірскі замак, і Нясвіжскі, і Брэсцкую крэпасць…

Дызайнер Сяргей, які працаваў над гэтым праектам, кажа, што ідэя, на яго думку, вельмі добрая, але не ўсім людзям падабаецца.

“Ёсць такія, што абураюцца, – з сумам распавядае ён. – Маўляў: навошты вы тут нейкія анучы павесілі, дзеці ж прыйдуць да елкі? Як быццам дзеці не павінны ганарыцца і радавацца сваёй краінай і гісторыяй?”

Мантаж елкі плануюць завяршыць ужо 12 снежня.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара