На ўчастку дэпутата Генадзя Давыдзькі дабудавалі незаконны аб’ект



У Менску ў Першамайскім раёне рыхтуецца да адкрыцця 10 лютага падземны гараж-стаянка ў ахоўнай зоне праспекту Незалежнасці.

На будоўлі неаднаразова заўважалі тэхніку з расейскімі нумарамі, пры тым, што на самім будаўніцтве ўвесь час эканомілі і нават адмовіліся ад  клінкернай цэглы, якая была закладзена ў праекце. Для атрымання станоўчага вердыкту экалагічнай экспертызы кампанія-забудоўшчык «Вецер» прыбрала са схемы мясцовасці цэлы жылы дом па вуліцы Талбухіна, 5А. Аднак дзяржаўныя органы, у тым ліку праваахоўныя, праігнаравалі сабраныя жыхарамі дакументы аб парушэннях. Мясцовая жыхарка Галіна Сінілевіч гаворыць, што ініцыятыўная група не дабілася ўцямных тлумачэнняў ні ад Менгарвыканкама, ні ад міністэрстваў архітэктуры і аховы здароўя, і таму цяпер звярнулася ў Камітэт дзяржбяспекі, Адміністрацыю прэзідэнта і да дэпутата Палаты прадстаўнікоў, вядомага тэлевядоўцы Генадзя Давыдзькі.

– Пракуратура горада Менска папросту пабаялася разглядаць гэты аб’ект. А генпракуратура двойчы не разглядаючы, перакінула на Менгарвыканкам. Прычым Менгарвыканкам таксама сказаў, што мы тут не пры чым. Атрымліваецца, што стаіць за гэтым аб’ектам вельмі моцны чалавек, які мае ўладу на ўзроўні прэзідэнта. Пра гэтым мы напісалі ў КДБ і ў Адміністрацыю прэзідэнта. З гэтым зваротам таксама звярнуліся да дэпутата ад нашага раёна ў Палату прадстаўнікоў Генадзя Давыдзькі.

 Знаходжанне такога выбухованебяспечнага будынка блізу жылых дамоў выклікае заклапочанасць тутэйшых жыхароў. Яны ўжо не першы год маюць надзею дамагчыся праўды і забараніць функцыянаванне гаража-стаянкі.

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск