На ўдзельнікаў гарадзенскага „маршу недармаедаў” склалі пратаколы



У Гародні пяць удзельнікаў маршу супраць Дэкрэту №3, які прайшоў 19 -га лютага, атрымалі копіі пратаколаў пра адміністрацыйнае правапарушэньне. У Ленінскім РАУС пратаколы ўручыў міліцыянт Аляксей Вайцешка. Выклікалі наступных актывістаў: Ежы Грыгенчу, Анатоля Мышкевіча, Сяргея і Вольгу Верамеенкаў і Аляксандра Абуховіча.

На думку Анатоля Мышкевіча з Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, не ясная прычына, па якой на яго склалі пратакол.

– За некалькі дзён да мітынга вярнуўся ў Гародню і пра сам мітынг я не ведаў. Убачыў, што людзі стаяць са сцягамі, убачыў сваіх сяброў. Былі і супрацоўнікі міліцыі, якія не казалі, што мітынг недазволены. То чаму ж не правесці вечар у кампаніі сяброў за добрай справай, тым больш  – пад аховай супрацоўнікаў міліцыі? Я не разумею, за што на мяне складаюць адміністрацыйны пратакол.

Вышэйназваных удзельнікаў акцыі „незадаволеных беларусаў” абвінавацілі паводле артыкула 23.34 – удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Сяргей Верамеенка, які прыйшоў падпісацца пад пратаколам, абвінавачаны па частцы трэцяй гэтага артыкула:

– Я думаю, гэта праца па інэрцыі. Яны проста па інэрцыі выконваюць сваю працу, як рабілі гэта раней. Пра запалохванне нават няма размовы. Гавораць, што ўсё разумеюць. Мне шчыра спадабалася, што да нас адносіліся вельмі прыязна. Я нават уражаны гэтым. Першы раз такое бачу. Спадар Вайцешка пагадзіўся з тым, што пратэстны патэнцыял у людзей будзе расці.

Стала вядома, што яшчэ шостую асобу прыцягваюць да адказнасці – гэта Віталь Гуляк з Ваўкавыска. Адносна іншых удзельнікаў, як сказаў міліцыянт Вайцешка, яшчэ праводзяцца дзеянні па выяўленні асобаў.

 

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара