На ўстаноўчую канферэнцыю Лігі студэнцкіх аб’яднанняў прыйшлі невядомыя ў масках



5 сакавіка ў Менску каля 18.30 невядомыя ў масках прыйшлі на ўстаноўчую канферэнцыю Рэспубліканскага незалежнага прафсаюза студэнтаў „Ліга студэнцкіх аб’яднанняў” (ЛіСА), паведамляе тэлеграм-канал Каардынацыйнай рады (КР) па ўрэгуляванні палітычнага крызісу.

Адзначаецца, што сярод удзельнікаў мерапрыемства былі члены асноўнага складу КР Андрэй Ягораў і Віталь Рымашэўскі. „На гэты момант яны не выходзяць на сувязь”, — гаворыцца ў паведамленні.

У незалежны прафсаюз ЛіСА ўвайшлі прадстаўнікі мясцовых ініцыятыў студэнтаў сямі ВНУ: Белдзяржуніверсітэта (БДУ), Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта (БНТУ), Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка (БДПУ), Беларускага дзяржаўнага медуніверсітэта (БДМУ), Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (БДАМ), Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў (БДУКМ) і Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (БДАМ).

На ўстаноўчай канферэнцыі ЛіСА планавалася правесці выбары кіраўніцтва, прыняць праграмы дзеянняў, абмеркаваць планы працы арганізацыі, паслухаць лідараў мясцовых студэнцкіх арганізацый.

Як раней паведаміла БелаПАН намеснік старшыні аднаго з арганізатараў канферэнцыі Свабоднага прафсаюза Беларускага (СПБ) Марыя Тарадзецкая, мэта новага прафсаюза — абараняць і адстойваць правы студэнтаў законнымі метадамі, аказваць ім юрыдычную дапамогу, садзейнічаць паляпшэнню ўмоў навучання.

Як адзначаецца на сайце незалежнага прафсаюзнага студэнцкага руху, „беларуская дзяржава цяпер ніяк не абараняе інтарэсы студэнтаў і не ўспрымае іх думку сур’ёзна, таму людзей аб’яднала жаданне законна вырашаць праблемы студэнцтва”.

belapan.by