На віцебскіх курсах “Мова нанова” распачаўся сезон паб-квізаў



Першая ў сёлетнім навучальным годзе інтэлектуальная гульня мела тэму «Жывёльны свет». Аднак пяць каманд, якія змагаліся за перамогу, мусілі прадэманстраваць не толькі веды ў галіне заалогіі, але і прыгадаць беларускую граматыку, фразеалогію, сусветную і беларускую літаратуру, гісторыю выяўленчага мастацтва.

Гульня сабрала поўную залю ўдзельнікаў у арт-пабе «Торвальд», бо фармат паб-квізаў вельмі папулярны, кажа вядоўца «Мовы нанова» Іван Рагавы:

– Мы паспрабавалі рабіць квізы ў мінулым годзе, два разы іх правялі. Бачым, што людзям падабаецца, і таму сёлета вырашылі праводзіць паб-квізы штомесяц. То бок кожныя чацвёртыя заняткі ў нас будзе квіз. Людзям падабаецца, яны ахвотна да нас прыходзяць, застаюцца задаволеныя, і такім чынам вывучаюць мову.

Удзельнікі гулялі вельмі імпэтна, і пераможцамі сталі адразу дзве каманды, якія атрымалі традыцыйны прыз – бутэльку шампанскага. Фармат інтэлектуальнай гульні вельмі спрыяе і вывучэнню мовы, і практычнаму яе прымяненню, лічаць наведнікі курсаў:

– Такі фармат заняткаў цікавы, захапляльны, вельмі падабаецца. Па-першае, таму, што гэта наша родная мова. А па-другое, і для настрою карысна.

– Фармат добры, таму што чым больш розных сродкаў для правядзення заняткаў могуць задзейнічаць, тым яны цікавейшыя.

Курсы «Мова нанова» былі першымі ў Віцебску сярод тых, хто праводзіць паб-квізы па-беларуску. Сёлета гэты прыклад падхапіў клуб «Віцебская інтэлектуальная гульня», і там ужо таксама рыхтуюць турнір з беларускамоўнымі пытаннямі, які мае адбыцца ў гэтым месяцы.

[Not a valid template]

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]