На волю выйшлі трое палітвязняў – фігурантаў справы «Рабочага руху» (абноўлена)



Акрамя Наталлі Белабехавай на волю выйшлі яшчэ два чалавекі, затрыманыя па «справе Рабочага руху». Гэта Святлана Зыль, якая раней працавала на Беларускім металургічным заводзе ў Жлобіне і супрацоўнік Беларускай чыгункі Максім Саковіч. Усім змянілі меры стрымання. Святлана выйшла пад падпіску аб нявыездзе, Максім – пад паручальніцтва, а Наталля – пад заклад. Усе гэтыя людзі былі затрыманыя ў другой палове верасня і з таго часу ўтрымліваліся ў гомельскім СІЗА. За кратамі застаюцца яшчэ 10 фігурантаў «справы Рабочага руху».

* * *

На волю выйшла палітзняволеная па «справе Рабочага руху» Наталля Белабехава. 47-гадовую педагога-дэфектолага з Гомеля Наталлю Белабехаву затрымалі 23 верасня па «справе Рабочага руху» ў межах арт. 356 Крымінальнага кодэксу (здрада дзяржаве).

Сёння яе нечакана выпусцілі на волю. У гомельскім СІЗА-3 яе ўтрымлівалі паўтара месяца, піша праваабарончы сайт „Вясна”.