На заводзе беленай цэлюлозы ў Светлагорску надзвычайнае здарэнне



30 ліпеня прыкладна ў 16.30 на заводзе беленай цэлюлозы ў Светлагорску зафіксаванае надзвычайнае здарэнне.

Як паведаміў БелаПАН жыхар Светлагорска Андрэй Сасноўскі, пацярпеў яго брат, 29-гадовы Аляксей. „Брат працуе зваршчыкам, ён разам са слесарам ліквідавалі паломку. Нешта здарылася, і адбыўся выбух шчолачнага газу. У выніку ў брата 95% апёкаў цела, наколькі я ведаю, ён у вельмі цяжкім стане ў рэанімацыі. Яго калега таксама пацярпеў, у яго апёкі ног, рук і вачэй”, — расказаў Андрэй Сасноўскі.

Афіцыйны прадстаўнік УСК па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава паведаміла БелаПАН, што следча-аператыўная група працуе на тэрыторыі аднаго з цэхаў Светлагорскага ЦКК. Здарыўся разрыў дрэнажнай трубы з тэхнічнай вадкасцю. Два работнікі атрымалі апёкі і дастаўленыя ў бальніцу. Ідзе агляд месца здарэння.

Завод беленай цэлюлозы ў Светлагорску пабудаваны за кітайскія звязаныя крэдыты. Ён неаднаразова быў у цэнтры скандалаў. Асноўная прэтэнзія жыхароў Светлагорска і наваколля — смурод ад завода беленай цэлюлозы, шкодныя выкіды.

belapan.by

Фота: belta.by