На жыхара Пінска завялі крымінальную справу за абразу міліцыянта



На жыхара Пінска заведзена крымінальная справа за абразу міліцыянта ў сацыяльных сетках. Каментар у адрас палкоўніка МУС пінчук пакінуў у перыяд з 25-га жніўна па 6-е верасня. Гэта трэці жыхар Пінска, якога будуць судзіць за публічнае выказванне пра сілавікоў, якое следчыя органы палічылі абразлівым. Старшыня Пінскай арганізацыі сацыял-дэмакратаў Вераніка Іванова перакананая, што аналагічных спраў значна больш, але не ўсе агучваюць сітуацыю:

 – Ёсць шэраг людзей, якія таксама затрыманыя па крымінальных артыкулах, але ўпэўненыя, што чым менш розгаласу, тым больш шанцаў на змякчэнне пакарання. Гэта глыбокая памылка. Ніколі нельга верыць абяцанням, што калі вы не будзеце агалошваць, то да вас будзе нейкая паблажка. Гэта хлусня, якую вы пасля ніякім чынам не зможаце даказаць.

Вядома, што ў снежні 31-гадовага жыхара Пінска пакаралі двума гадамі “хіміі” за паклёп на міліцыянта, ён зрабіў рэпост здымка сілавіка, дзе быў подпіс пра ўдзел у “актах генацыда”. У верасні 27-гадовы пінчук пакараны штрафам у памеры 270 рублёў за тое, што дапусціў абразлівыя выказванні ў паведамленнях да супрацоўніка Ганцавіцкага РАУСа.

Беларускае Радыё Рацыя, Пінск