На жыхароў «Маяка Менска» склалі пратаколы за ўдзел у пікеце



У дачыненні да жыхароў комплексу „Маяк Менска” — удзельнікаў пікета супраць няякаснага будаўніцтва, які прайшоў 27 студзеня, складзеныя пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні на падставе арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў).

Як паведаміла БелаПАН Святлана Кудзіна, адна з арганізатараў акцыі, акрамя яе копіі пратаколаў па пошце атрымалі яшчэ двое жыхароў комплексу — Павел Цітоў і Юлія Раманейка.

Паводле слоў Кудзінай, прыкладна праз тыдзень пасля пікета патэлефанаваў супрацоўнік УУС Першамайскага раёна маёр міліцыі Андрэй Ярашэвіч. „Ён настойліва ў вуснай форме патрабаваў з’явіцца для складання пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні. Пасля адмовы пратакол быў дасланы па пошце”, — сказала яна.

Жыхарка комплексу ўдакладніла, што ў суд нікога з удзельнікаў пікета пакуль не выклікалі. „Вельмі сумна, што міліцыі трэба кагосьці пакараць. Што рабіць, калі я не магу абараніць сябе ад неправамерных дзеянняў забудоўшчыка законнымі сродкамі, нашы калектыўныя лісты ў вышэйшыя інстанцыі спускаюцца на разгляд тым жа, на каго мы скардзімся, — паведаміў Павел Цітоў. — Я наіўна думаў, што пасля сюжэта мне патэлефануюць з выканаўчых органаў і запросяць на гутарку, дзе мы зможам абмеркаваць нашы праблемы. Але нашы чыноўнікі вырашылі абараніцца міліцыяй і штрафамі ад народа”.

Пікет жыхароў комплексу „Маяк Менска” супраць няякаснага будаўніцтва падчас урачыстага адкрыцця гандлёвага цэнтра „Дана Мол” доўжыўся больш за гадзіну. Колькасць удзельнікаў акцыі змянялася: спачатку яе падтрымлівалі двое, а блізу завяршэння — пяцёра. Пратэстанты трымалі плакаты з надпісамі „Далоў з Менска лжэінвестара з Сербіі!”, „Далоў карупцыю ў Першамайскім выканкаме!”, „Кватэры „Маяка” здадзеныя — жыць немагчыма!”. За тым, што адбываецца, назірала прыблізна дзесяць сілавікоў у цывільным на чале з камандзірам мінскага АМАПа Дзмітрыем Балабам. Яны абступілі пікетчыкаў і здымалі тое, што адбываецца, на відэакамеру, але прэтэнзій ім не выстаўлялі. Адміністрацыйныя пратаколы на месцы не складаліся.

Адкрыццё гандлёвага комплексу праходзіла ў межах візіту ў Менск прэм’ер-міністра Сербіі Аляксандра Вучыча. На цырымоніі прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў заявіў, што будаўнічыя праекты кампаніі Dana Holdings з’яўляюцца яркім увасабленнем брацкіх адносін Беларусі і Сербіі.

Міжнародная група кампаній з сербскімі каранямі Dana Holdings, якая спецыялізуецца на інвестыцыях у будаўніцтва жылых, прамысловых, камерцыйных, адукацыйных і шматфункцыянальных аб’ектаў нерухомасці, працуе ў Беларусі больш за восем гадоў. Самымі буйнымі яе праектамі з’яўляюцца шматфункцыянальныя комплексы „Маяк Менска” і „Менск-Мір”, а таксама жылыя комплексы „Вівальдзі”, „Чайкоўскі” і „Рахманінаў”. Dana Holdings падкантрольная сербскім бізнесменам, братам Багалюбу і Драгаміру Карычам, якія асабіста знаёмыя з Аляксандрам Лукашэнкам. Драгамір Карыч з’яўляецца ганаровым консулам Беларусі ў Бялградзе, а таксама ўзначальвае ў сербскім парламенце групу сяброўства з Беларуссю.

БелаПАН