На „зімніку” ў Залессі расказалі пра спецыфіку “вольных падарожжаў”



Салігорскі падарожнік Аляксандр Гойшык распавёў берасейцам пра спецыфіку “вольных падарожжаў” па свеце.

Сустрэча з ім адбылася падчас адных з заняткаў “Тыдня асабістай эфектыўнасці”, “зімніка”, што праходзіць у гэтыя дні ў “Доме Еўрапейскіх сустрэч” што ў Залессі, на Камянеччыне. Кажа каардынатарка праекта Алена Каховіч:

– Не сакрэт, што калі ты вандруеш нават у самыя блізкія краіны, альбо па Беларусі, то ты ўспрымаеш свет крыху па-іншаму. І набіраешся досьведу, які, канешне, будзе вельмі карысным у будучым жыцці. І мы запрасілі Аляксандра Гойшыка, каб ён распавёў, як гэта зрабіць максімальна танна, бяспечна і каб сапраўды атрымаць асалоду ад гэтых вандровак.

Аляксандр Гойшык:

– Я аб’ехаў 52 краіны. І гэта вельмі мала, таму што ёсць вядомыя крутыя беларускія падарожнікі, якія наведлі больш за 100 і нават 200 краінаў.

Акрамя ўражанняў і прыдбанага досведу, Аляксандр распавёў пра базавыя рэчы бюджэтных падарожжаў. “Цікава даведацца пра тое дзе шукаць начлег, ежу, як зарабляць у дарозе і пра розныя хітрыкі якія дапамагаюць ў падарожжах”, – зазначылі ўдзельнікі сустрэчы.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Залессе