“Начальства ў Горках вядзе нас у бездань!”



З 18 паляводаў у Горках, галаўной вёсцы перапрафіляванага ў ААТ былога калгаса “Жацерава”, засталіся працаваць 7. Кіраўнік, Іван Краўчук, відаць, дзеля атрымання лёгкіх грошай скараціў пасяўныя плошчы і пасадку бульбы на карысць здачы памяшканняў у арэнду. У выніку, знізіліся і без таго слабыя заробкі былых калгаснікаў. Узнікла нават сельскае беспрацоўе. Парушаюцца і іх грамадзянскія правы.

…У Горках зранку па шляху на працу сустрэў шчуплага, 17-гадовага маладзёна Міколу – на сёння, бадай, галоўнага кармільшчыка шматдзетнай сям’і Юзэпчукоў. Хоць які гэта кармільшчык… Кажа, што зарабляе мінімальную зарплату палявода – крыху больш за 2 млн старымі. Пры рэгулярным 8-гадзінным працоўным дні здараюцца затрымкі і гэтаму гаротнаму заробку. Сам сірата, старэйшы ў шматдзетным сямействе пасля маці. Дый, увогуле, не з’ехаў у горад, каб ім далі хату ў вёсцы. Прынамсі, так абяцаў памянёны кіраўнік ААТ “Жацерава” Краўчук. Абяцанкі, ужо як 4 гады, аказаліся пустым гукам…

Мы прыходзім з Міколам да невялікай хаціны сямейства ў цэнтры вёскі. Яна на ўскраіне тамтэйшай вуліцы Якуба Коласа – пасярод узаранага “калгаснага” палетка і без аніякай прысядзібнай гаспадаркі. Для яе ў літаральным сэнсе няма месца. Кажа сястра маці і гаспадыні Рады Язэпчук – таксама Рада Каржэвіч.

img_1481

Рада Каржэвіч: Я вам раскажу ўсю праўду пра гэтую сям’ю! Во на месцы гэтага ўзаранага ўчастка стаяла гумно, дзе можна было захоўваць бульбу з гароднінай. Але па ўказанню Краўчука перад усяленнем Язэпчукоў яго ні з пушчы, ні з поля развалілі! Зноў-такі, з “казкамі” пра збудаванне новага. А Рада адна ўтрымлівае чацвёра дзетак – усе непаўналетнія! Заробак усё таго ж палявода ў 2 млн і невялікія дадаткі ў сувязі са стратай кармільца. А ім няма дзе ані бульбу з цыбуляй пасадзіць, ані дзе хоць курак трымаць. Яшчэ жывы быў муж, у суседняй Раёўшчыне яны набылі старэнькі домік. Але ўласны! І адным днём, пакуль дарослыя былі на працы, па “фашыстоўскаму” указанню Краўчука прыбыла брыгада і, не ставячы да ведама гаспадароў, без дай-прычыны хату знеслі! Уяўляеце іх стан, калі яны ўбачылі гару дошак і камянёў, як пасля бомбы?!

Не вытрымлівае і сама маці – Рада Язэпчук.

img_1480

Рада Язэпчук: Я ездзіла пасля ў Стаўбцы, да старшыні райвыканкама Горлава. Пры ім Краўчук мне наракаў – “у цябе дзеці ёсць, хай дапамагаюць і кормяць”. А ў мяне 11-гадовая дачка-інвалід. Горлаў запытаўся Краўчука – як і чаму вы не дапамаглі гэтай сям’і? А той – “у калгасе няма матэрыялаў”. А ў нашай Раёўшчыне перагарадзіў уезд шлагбаўмам да палацаў, што сабе будуе! Я выйшла адтуль уся ў слязах…

Уваходзім у невялікі дамок, дзе пражываюць Язэпчукі. Тут кабеты расказваюць і паказваюць наўперамен. Разнаполыя дзеці-падлеткі спяць у адзіным тут пакоі. Старэйшыя хлопчыкі, маўляў, апранаюцца і распранаюцца пад коўдрай. Перадбаннік забіты віламі з рыдлёўкамі для працы ды бульбай з капустай. У пакойчыку без ацяплення – ванна, дзе маці мые малодшых. Кажа, што для іх гэта пакута, бо тэмпература мінусавая. Пасля такога “мыцця” хварэюць. У пакоі збоку комін 30 гадовай даўніны, які ў часе працы “выплёўвае” цагліны – газаўшчыкі забараняюць карыстацца, бо магчымы пажар ці “у паветра ўзляціце”. Але што рабіць, калі за вокнамі мінус, а праз шчыліны ў вокнах вада лядовая цячэ? А побач ёсць жа і кінутыя хаты, і ў калгаснай двухпавярхоўцы нядаўна вызвалілася кватэра. Краўчук паабяцаў перасяліць і зноў падмануў. Як жыць?!

Немы крык у паветра…

Яшчэ адзін жыхар Горак Юры Якушаў вядзе мяне на бераг мясцовага азярца, дзе ўсё той жа Краўчук зрабіў, нібы, ласку вяскоўцам – усталявалі лежакі ля возера і пабудавала пірс. Але які?!

Юры Якушаў: Пірс зроблены, бачыце, са старых гнілых дошак. Яны прагінаюцца, могуць ламацца, калі ідзеш. А дзіця можа патануць упаўшы. Мой Мішка пракалоў улетку нагу – не пачысцілі ад паўметровага ілу ўзбярэжжа…

Добра пачувае ў Горках хіба 66-гадовы Вячаслаў Дасвячанскі, які не зважаючы на стан спраў у дзяржгаспадарцы, завёў два гады таму двух страўсаў, што хутка набяруць па 100 кг. Іх мяса каштуе ў Менску па 400 тысяч. А таксама мае птушак ды авечак. Але гэта ўсяго шчаслівае выключэнне. Пры чым, насуперак існуючай сістэме…

А пры канцы яшчэ цяжкая сустрэча ў Горках.

54-гадовы Аляксандр Паўлоўскі чарговым разам дэманстратыўна адмовіўся ад палкі кілбасы, што рэгулярна яму, акцыянеру ААТ “Жацерава”, прыносяць з праўлення на Дзень калгасніка і на Каляды замест дывідэндаў. Апошнія, паводле статуту, мусяць штогод выплачвацца менавіта ў канцы снежня. Аляксандр 6 год таму атрымаў працоўную траўму на пілараме, у выніку якой яму адрэзала чатыры пальцы. Дагэтуль не дачакаўся ад гаспадаркі пакладзеных яму, паводле заканадаўства, двух базавых велічынь штомесяц. Кажа спадар Паўлоўскі.

img_1494

Аляксандр Паўлоўскі: Больш за год таму мая тагачасная кіраўніца, намесніца старшыні СВК Калішэвіч прымусіла мяне на дрэваапрацоўчым станку зрабіць 120 “колышкаў”, хоць ведала што не маю допуску працы на ім. Быў адзін, падставіў руку, каб выцягнуць дошку і… рука патрапіла пад нож. У Стаўбцах і Менску зрабілі аналізы крыві, каб высветліць, што цвярозы. Стаў непрацаздольны – не маю права падымаць больш за 5 кг. З “утэку” паведамілі пасля экспертызы, што пенсію будзе аплачваць Дзяржстрах. А таксама мусіць пастаянна 2 базавыя “калгас”. Але з той пары так я іх і бачыў. Не плацяць – і без каментарыяў.

РР:  А што наконт фармуліроўкі “разгледзець пытанне аб разрыву кантракта” з Калішэвіч?

Аляксандр ПаўлоўскіДый дзе там! Хоць на пенсіі, пайшла нават на падвышэнне – цяпер яна намесніца старшыні “па ідэалогіі”…  Групу я маю – за яе 120 тысяч старымі. Калгас нічога не дапамагае! І што яны мне гэту палку кілбасы дадуць? Хай задавяцца – мне яна ад іх, як “адлуп”, непатрэбная!

Горкі – малая Радзіма незалежнага дэпутата Палаты прадстаўнікоў Алены Анісім, да якой Аляксандр Паўлоўскі пры сустрэчы папрасіў звярнуцца праз наша радыё. Алена Анісім ад пачатку гэтага тыдня пачала працаваць у акрузе па зваротах сваіх выбаршчыкаў.

Алена Анісім: За першыя месяцы працы ўжо неаднаразова сутыкалася з непаважлівым і нават ганебным стаўленнем уладу трымаючых да людзей.  Таму і да пачатку наступнага года буду ў акрузе, у тым ліку, у Горках, каб да мяне звярнуліся непасрэдна. Сустрэнуся і з тым Краўчуком. Матэрыялы, сабраныя Радыё Рацыя, будуць пры мне…

Матэрыял у гукавым фармаце:

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара