Над журналістамі Ляўчуком і Харытонавай суды пройдуць 12 і 13 красавіка



Суды над журналістамі-фрылансерамі Алесем Ляўчуком і Міланай Харытонавай пройдуць у Кобрыне 12 і 13 красавіка адпаведна. Такое рашэнне прынятае, каб журналісты паспелі азнаёміцца з матэрыяламі справы.

Судзіць іх будуць за “непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі”, якое нібыта мела месца падчас асвятлення акцыі “недармаедаў” у Кобрыне.

Кажа Мілана Харытонава:

– Ад калегаў ёсць падтымка, калегі цікавяцца, падтрымліваюць. Беларуская асацыяцыя журналістаў накіравала запыт у РАУС, каб яны вярнулі тэхніку, якая, я лічу, знаходзіцца ў іх незаконна. Я ўвогуле не ведала пра яе лёс. Сёння пабачыла, што яна апячатаная, у пакетах стаіць на паліцы і як быццам бы чакае рашэння суда над намі па артыкуле 22.9, сёння з гэтым абвінавачваннем мы атрымалі пратаколы.

 РР: На колькі ведаю, у вас складзены два пратаколы, па двум артыкулам.

– Так, два. За непадпарадкаванне невядома калі будзе суд. Толькі сёння нам далі пратаколы. Другі артыкул – 22.9, гэта незаконны выраб прадукцыі СМІ.

Справы будуць разглядацца ў Кобрыне ад дзевятай гадзіны раніцы. Як адзначыла Мілана Харытонава, па новых пратаколах, складзеных на іх з Алесем Леўчуком, пакуль позваў не было. Таксама невядома, калі журналістам вернуць канфіскаваную ў іх тэхніку.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота spring96.org