Надпісы, якія абуджаюць



Як мы раней заўважалі, беларуская міліцыя і камунальныя службы гарадоў і паселішчаў вельмі хутка рэагуюць на любыя надпісы на сценах дамоў, платоў, любых іншых агароджаў. Найбольшае раздражненне ва ўладаў выклікаюць чамусьці зусім не мацерныя словы ці нават персанальныя абразы, а надпісы, якія абуджаюць гістарычную памяць, выклікаюць пачуцці салідарнасці і падтрымкі, абуджаюць чалавечую ды нацыянальную годнасць. У любым выпадку так чамусьці ў нас апошнія гадоў 20 адбываецца.

Сапраўды, дзіўна і абуральна, але ў адрозненне ад вялізнай чорнай фашыстоўскай свастыкі, якая правісела ў цэнтры ўжо сумна вядомых „казачымі парадамі” Смалявічаў (амаль 20-тысячны горад-спадарожнік Менска) амаль паўмесяца, падобныя насамрэч важкія для беларусаў малюнкі, можна сказаць творы стрыт-арту, знішчаюцца літаральна за лічаныя дні, а можа нават і гадзіны.

Чаму гэта робіцца? Чаму мясцовыя ўлады, якія быццам бы абіраюцца на мясцовых выбарах грамадзянамі, так сябе паводзяць? Чаму такое магчыма ў нашай Беларусі?

Пытанні, як кажуць, не для фотарэпартажнага сюжэту, а для сур’ёзных разважанняў, для публіцыстыкі ці аналітыкі. Аднак і адразу, прабачце, зразумела, што ў тых умовах, калі „вялікі сусед” і эканоміка дыктуе свае прыярытэты, ва ўмовах адсутнасці рэальнага выбару і кантролю над уладаю, нам з вамі можна чакаць і не такіх яшчэ сюрпрызаў, як казачы хор ці парад на дзень горада ды ўпарта незаўважаемая ўладамі фашыстоўская свастыка ў публічным месцы!

А пакуль, калі яшчэ ёсць час, можна з задавальненнем уздыхнуць свежым і празрыстым восеньскім паветрам… Бо перад святам памінання продкаў Дзяды і перад дазволеным у Менску шэсцем у Курапаты маладыя (альбо нявельмі) мастакі сваёй справы, беларускія патрыёты-ліцвіны ўпрыгожылі адзін з куткоў сцяны ўздоўж беларускае чыгункі (гл. фоты). І гэты файны малюнак ды надпіс даўжынёю можа пад 15-25 метраў – зусім не замызганая фашыстоўская сфастыка, намаляванай дрыжачай рукою на сцяне публічнага месца на станцыі „Зарэчная” ў Смалявічах, на якую, на жаль, у мясцовых уладаў, каб замаляваць, амаль два тыдні не хапала ні фарбы, ні працоўных рук, ні волі альбо адказнасці, а можа і звычайнага чалавечага сумлення.

Алесь Лета, Беларускае Радыё Рацыя

Фота А.Лапіцкага