Надзея Ільюшэнка: Гэтая катэгорыя людзей вельмі ўразлівая сацыяльная група



Людзі з інваліднасцю з’яўляюцца сацыяльна ўразлівай групай. Але калі яны маюць непаўнагадовых дзяцей, то іх ўразлівасць становіцца проста пагрозлівай. Пра гэта кажуць вынікі даследавання „Сацыяльная ўразлівасць як індыкатар няроўнасці ў Беларусі”, у правядзенні якога прымала ўдзел і Надзея Ільюшэнка:

– Калі ў людзей з інваліднасцю ёсць дзеці, то гэта іх ставіць пад пагрозу патраплення ў сацыяльна ўразлівае становішча, аж да пагрозы адымання дзіця з сям’і і размяшчэнне яго ў доме-інтэрнаце. І таму людзі адчуваюць увесь час гэтую пагрозу і небяспеку свайго становішча.

Таксама ў сямей з інваліднасцю ёсць пагроза пастаноўкі на СНБ (сацыяльна небяспечнае становішча). Адзін з паказчыкаў, чаму сям’ю туды могуць занесці, гэта нізкія бытавыя ўмовы жыццядзейнасці сям’і. Але бацькі з інваліднасцю маюць нізкае эканамічнае становішча, бо атрымліваюць маленькія пенсіі, а таксама маюць цяжкасці ў працаўладкаванні (нават у тых выпадках, калі іх інваліднасць не перашкаджае таму тыпу працы, на якую яны прэтэндуюць).

– І таму, калі прыходзяць прадстаўнікі органаў сацыяльнай абароны, аказваецца, што зазірнуўшы ў лядоўню, яны могуць там не пабачыць усёй разнастайнасці прадуктаў, якая, нібыта, павінна быць.

Таму фінансава-эканамічнае становішча з’яўляецца фактарам павышанай уразлівасці ў дачыненні да сямей, дзе ёсць бацькі з інваліднасцю, адзначае Надзея Ільюшэнка.

Беларускае Радыё Рацыя