Накіравана ў суд справа аб перавозцы больш за 30 кг гашышу



У Мінску накіравана ў суд крымінальная справа аб збыце гашышу ў буйным памеры.

Як паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік УСК па Менску Марына Дранькова, паводле інфармацыі следства, 53-гадовы грамадзянін Расеі вечарам 12 красавіка 2018 года на аўтамабілі Honda Accord завёз з Літвы на беларускую тэрыторыю больш за 30 кг гашышу. Наркатычны сродак быў знойдзены ў бензабаку у ходзе надгляду транспартнага сродку.

Супрацьпраўная дзейнасць абвінавачванага была спынена ва ўзаемадзеянні супрацоўнікаў падраздзяленняў трох ведамстваў: галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС, пагранічнага і мытнага камітэтаў.

Устаноўлена, што мужчына пастаянна жыў у Калінінградзе і рухаўся транзітам праз Беларусь з Іспаніі ў Маскву. Паводле аператыўных даных, фігурант выконваў ролю „кур’ера”. На тэрыторыі Еўрапейскага саюза пры саўдзеле неўстаноўленых асоб у яго аўтамабіль былі змешчаныя 70 пакетаў са спрэсаваным рэчывам карычневага колеру, якое, згодна з заключэннем экспертаў ДКСЭ, з’яўляецца наркатычным сродкам — гашышам.

Дзеянні абвінавачванага кваліфікаваны па ч. 3 арт. 328 КК (незаконныя з мэтай збыту набыццё, захоўванне і перавозка наркатычных сродкаў у буйным памеры, учыненыя групай асоб) і ч. 2 арт. 328-1 КК (незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза і Дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь наркатычных сродкаў у буйным памеры, учыненае групай асоб па папярэдняй змове).

Сваю віну ў злачынстве мужчына не прызнаў. Падчас следства да яго была прыменена мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Накладзены арышт на аўтамабіль і іншую маёмасць фігуранта, агульным коштам звыш 25 тыс. рублёў.

Крымінальная справа вывучана пракурорам і накіравана для разгляду ў суд.

belapan.by