Наколькі Беларусь зацікаўлена ў трансгранічнай супрацы?
Праграма супрацоўніцтва «Польшча-Беларусь-Украіна 2014-2020» працягваецца, і там чакаюць беларусаў. Неўзабаве распачынаецца чарговы конкурс праектаў ў рамках праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва. Арганізатыры да больш актыўнага супрацоўніцтва запрашаюць і беларускіх удзельнікаў. Пра новы конкурс паведаміў прадстаўнік тэхнічнага сакратарыяту праграмы Анджэй Слодкі.
– Бліжэйшы конкурс пачнецца 11 кастрычніка – гэты конкурс будзе складацца з двух этапаў. Для гэтага першага конкурса даступны 81 млн еўра.
У рамках папярэдняй праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва «Польшча-Беларусь-Украіна 2007–2013», напрыклад, на Гарадзеншчыне рэалізавалі 18 праектаў. Іх агульны кошт склаў 31 мільён еўра. Праекты, пераважна сацыяльныя, рэалізуюцца сумесна з партнёрамі на памежных тэрыторыях.
«Польшча-Украіна-Беларусь»: грошы ў рамках гэтай праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва ёсць, і трэба іх выкарыстаць. І Беларусь у гэтым кірунку стала больш актыўнай, кажа старшыня падляшскага Фонду рэгіянальнага развіцця Анджэй Парафінюк. Ён не выключае, што гэта звязана з пацяпленнем палітычнага клімату на лініі Менск-Брусель:
– Мы спрабавалі ў мінулыя гады працаваць над трансгранічнымі праектамі, але вельмі складана было заахвоціць партнёраў з беларускага і нават з літоўскага боку. Цікава, што ў гэтым годзе пачалося адбывацца нешта дзіўнае. Былі візіты беларускіх дэлегацый з Віцебска, Менска, Ліды. Шмат іныцыятывы з беларускага боку, беларусы сталі больш адкрытымі.
Адзначым, што ў рамках трансгранічнага супрацоўніцтва Польшча-Беларусь-Украіна цяпер рэалізуюцца пераважна сацыяльныя праекты, у тым ліку ў сферы медыцыны.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
