Намаганнямі ТБМ прагноз надвор’я па тэлефоне зноў загучыць па-беларуску



Паслугу „195 — прагноз надвор’я” нацыянальны аператар сувязі РУП „Белтэлекам” будзе аказваць не толькі на расейскай, але і на беларускай мове. Гэта вынікае з адказу на зварот, які атрымала грамадскае аб’яднанне „Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” з Адміністрацыі прэзідэнта і „Белтэлекама”, паведамілі БелаПАН у ТБМ.

У маі паслуга „195”, дзякуючы якой можна атрымаць актуальны прагноз надвор’я, была поўнасцю пераведзеная на расейскую мову. Члены ТБМ адрэагавалі на гэта, звярнуўшыся ў Адміністрацыю прэзідэнта і да кіраўніцтва РУП „Белтэлекам” з просьбай вярнуць беларускую мову гэтай паслузе.

З атрыманых адказаў вынікае, што „Белтэлекам” працуе над пытаннем давання Рэспубліканскім цэнтрам па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя (Гідрамет) сінаптычнай інфармацыі на дзвюх мовах.

„Больш за тое, дасягнутая папярэдняя дамоўленасць паміж Гідраметам і РУП „Белтэлекам” аб даванні з 10 ліпеня гэтага года тэкставай інфармацыі аб прагнозе надвор’я ў Менску і абласных гарадах на дзвюх дзяржаўных мовах”, — гаворыцца ў адказе на зварот ТБМ за подпісам першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Максіма Рыжанкова.