Намеснік Генпракурора: Парушэнні носяць характар меркаванняў



Слонімец Алесь Масюк працягвае змагацца з грубымі парушэннямі падчас выбараў у мясцовыя Саветы грамадзянкай Т.Юнга, якая 18 лютага 2018 года, пры выкананні абавязкаў старшыні ўчастковай выбарчай камісіі ў Слоніме, груба парушыла закон і здзейсніла злачынствы, прадугледжаныя артыкуламі 191 і 192 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. 

20 лютага 2018 года Алесь Масюк падаў скаргу ў пракуратуру Слонімскага раёна і прасіў ажыццявіць праверку. Але вынікаў ніякіх. Пісаў Алесь Масюк двойчы ў пракуратуру Гарадзенскай вобласці – безвынікова. Органы крымінальнага расследавання ўхіляюцца ад расследаванняў. Тады былы кандыдат у мясцовыя дэпутаты напісаў скаргу ў Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь, дзе распавёў усё падрабязна і даказаў канкрэтна на фактах і прыкладах злачынства і фальсіфікацыю падчас выбараў, а таксама тое, што пракуратура Слонімскага раёна і абласная пракуратура не праводзяць расследаванняў. Нядаўна Алесь Масюк атрымаў з Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь за подпісам намесніка Генпракурора Аляксандра Лашына адказ, у якім ён паведамляе, што “ўтрымліваючыя ў звароце доказы пра здзейсненыя службовымі асобамі выбарчых камісій крымінальна-пакаральныя “деяния” носяць характар меркаванняў і нічым аб’ектыўна не пацверджаны”. Вынікае, што ўсе факты фальсіфікацый на выбарах, прыведзеныя Алесем Масюком, “нічым аб’ектыўна не пацверджаны”. Ды і тэрмін звароту, па словах намесніка Генпракурора, прайшоў.

Беларускае Радыё Рацыя