Намесніка дырэктара БелТА па ідэалогіі асудзілі да 5 гадоў калоніі за «злівы» тэлеграм-каналу «Нік і Майк»



У судзе Савецкага раёна Менска 10 студзеня да пяці гадоў калоніі за перавышэнне службовых паўнамоцтваў (ч. 2 арт. 426 Крымінальнага кодэкса) асудзілі нядаўняга намесніка генеральнага дырэктара «БелТА» па ідэалагічнай працы Сяргея Адзярыху. Таксама яму трэба сплаціць штраф у памеры 500 базавых велічынь (16 000 рублёў). Акрамя гэтага, яго пазбавілі права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў, на пяць гадоў. Вядома пра гэта стала толькі зараз.

Прысуд вынес суддзя Аляксандар Воўкпаведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».

Роўна два гады таму ў гэты дзень былога чыноўніка асабіста ўзнагароджваў Лукашэнка за «высокі прафэсіяналізм і значны асабісты ўнёсак у развіццё дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі».

Сяргей Адзярыха асуджаны за перадачу прадстаўніку «Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва» і тэлеграм-каналу «Нік і Майк» службовай інфармацыі, якая была ў ягоным распараджэнні. Матыў — «уніканне люстрацыі пасля змены ўлады».

На судзе ён віну прызнаў цалкам і раскаяўся ў зробленым.

Адзярыха 15 сакавіка абскардзіў вырак у апеляцыйным парадку ў Менскім гарадскім судзе. Ён меркаваў, што прысуд «незаконны і неабгрунтаваны», а прызначанае пакаранне «відавочна несправядлівае з прычыны строгасці». Але скаргу былога чыноўніка судовая калегія пакінула без задавальненьня, а прысуд — без змены. Згодна з тэрмінамі, Адзярыху мусілі этапаваць у калонію, аднак праваабаронцам пакуль невядома, у якую.