“Наш Дом” прэзентаваў маніторынг па правах жанчын у Беларусі



Неабходна бараніць сацыяльна і палітычна актыўных жанчын ад ціску ўлады. Міжнародны цэнтр грамадзянскіх ініцыятыў “Наш Дом” у супрацоўніцтве з Цэнтрам гендэрных ініцыятыў “Адліга: жанчыны за поўнае грамадзянства” прэзэнтавалі маніторынг па правах жанчын у Беларусі.

Самае галоўнае ў працы, якую робяць гэтыя ініцыятывы, – забеспячэнне бяспечнага ўдзелу жанчын у сацыяльным і палітычным жыцці Беларусі, кажа кіраўніца Цэнтру грамадзянскіх ініцыятыў “Наш Дом” Вольга Карач.

– Нам таксама вельмі важна звярнуць увагу на тыя траўмы, на эмоцыі, якія перажываюць жанчыны падчас усіх рэпрэсій і ціску з боку дзяржавы. Мы хацелі б арганізаваць сістэму абароны жанчын. Наш дэвіз: абарона, бяспека, салідарасць. Гэта тры рэчы, якія для нас больш за ўсё важныя.

Са словаў Вольгі Карач, на жанчын, якія займаюць актыўную жыццёвую пазіцыю, ціск з боку ўлады даволі часта аказваецца нашмат большы, чым на мужчын. У якасці доказу можна прывесці рост выпадкаў, калі ўлады спрабуюць адабраць у жанчын іх дзяцей, што аказвае на іх дадатковы маральны і псіхалагічны ціск.

Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота nash-dom.info