Наш Касцюшка слаўны быў…



У швейцарскім гарадку Залатурн, дзе знайшоў свой апошні спачын нацыянальны герой Беларусі Тадэвуш Касцюшка, беларуская дыяспара хоча паставіць яму помнік. Урачыстае адкрыццё запланавана на 21 кастрычніка.

Аднак на патрабаванне польскага боку з памятнай шыльды прыбралі ўсе згадкі пра Беларусь. З яе зніклі не толькі словы “сыну Беларусі ад удзячных суайчыннікаў”, але не стала і версіі тэксту, напісанай па-беларуску. Паводле прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў Швейцарыі, згадкі пра Беларусь зніклі праз намаганні польскага амбасадара ў Берне.

Тым не менш, наш слаўны Касцюшка застаецца ў шэрагу выдатных барацьбітоў за свабоду ў свеце, які змагаўся за вольнасць нашу і вашу. Вось некалькі разважанняў беларускіх гісторыкаў пра Тадэвуша Касцюшку.

“За начальніка гаспадарства і галоўнакамандуючага арміяй выбралі генерала Тадэвуша Касцюшку родам беларуса з Наваградчыны. Касцюшка любіў свой край і разумеў усю шкоднасць паніжэння польскімі панамі і шляхтай народных сялянскіх масаў. Ён, як толькі стаў на чале паўстанцкага ўраду, зараз жа абвясціў, што сяляне атрымаюць свабоду…” (Язэп Найдзюк. Беларусь учора і сяньня. Менск, 1943).

“Свой жыццёвы шлях Тадэвуш Касцюшка прайшоў як сапраўдны народны герой, які стаў яшчэ пры жыцці легендарным. Яго справу барацьбы за свабоду, дэмакратыю і гуманізм прадоўжылі іншыя дзеячы” (Язэп Юхо. За вольнасць нашу і вашу. Менск, 1990).

“З усёю ўпэўненасцю можна сказаць, што без паўстання Тадэвуша Касцюшкі ў 1794 годзе на Беларусі не было б і спробы сялянскай вайны 1863 года пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Два вялікія сыны беларускай зямлі звязаны паміж сабою не толькі адзінствам паходжання ад яе жыватворных глыбінь, але і жаданнем даць волю, дабіцца праўды і незалежнасці для яе народа” (Уладзімір Емяльянчык. Паланез для касінераў. Менск, 1994).

“У Беларусі імя паўстанцкага камандзіра Тадэвуша Касцюшкі маюць вуліцы ў Берасці, Горадні і Косаве. Ягоная памяць ушанаваная некалькімі мемарыяльнымі знакамі. А вось помніка нашаму герою ў Беларусі дагэтуль няма. Напэўна, таму, што гэтага не хочуць ворагі нашай незалежнасці. У іх Касцюшка выклікае страх і праз дзвесце гадоў пасля паўстання” (Уладзімір Арлоў. Адкуль наш род. Вільня, 2000).

Беларускае Радыё Рацыя